Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Дзяржсакратар пра візіт Папы ў Тайланд і Японію

Евангелізацыя і міжрэлігійны дыялог, увага да чалавека і навакольнага асяроддзя, мір і раззбраенне – галоўныя тэмы падарожжа Папы ў Тайланд і Японію, - паведаміў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца даў інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” і “Vatican News”, у якім падкрэсліў місійны характар 32-га Апостальскага падарожжа Францішка, што распачнецца 19 лістапада 2019 г.

Іерарх заўважыў, што ў сучасным глабалізаваным свеце, дзякуючы сродкам камунікацыі, можна быць сведкам і ўдзельнікам падзей нават у самых далёкіх кутках планеты. Але Папа заўсёды хоча быць там асабіста, знаёміцца з рэчаіснасцю краін, падтрымліваць у веры і сведчанні мясцовыя хрысціянскія супольнасці, несці пасланне Евангелля, якое дае адказы на фундаментальныя пытанні чалавека аб сэнсе жыцця.

Гаворачы пра візіт Францішка ў Тайланд, кардынал Паралін звярнуў увагу на тое, што першая евангелізацыя тут рэалізавалася езуітамі ў ХVI ст. Папа адправіцца сюды па слядах гэтых вялікіх місіянераў. Сёння католікаў у краіне налічвае каля 400 тыс. чалавек. Паводле іерарха, Францішак хоча нагадаць ім пра пакліканне да евангелізацыі, якое мае кожны ахрышчаны, што перадае дэвіз падарожжа: “Вучні Хрыста, місійныя вучні”.

Відэа інтэрв'ю з кардыналам Пьетра Паралінам

Каментуючы візіт Святога Айца ў Японію, Дзяржсакратар зазначыў, што гэта “складаная краіна”, якую можна назваць “краінай-сімвалам”, бо яна першай спазнала на сабе пакуты ядзерных бамбардзіровак. Тым не менш Японія адрадзілася і стала развітай краінай.

“Гэта краіна, якая знаходзіцца паміж традыцыяй і інавацыямі, павінна адказаць, як і ўсе, на глабальныя выклікі, якія патрабуюць глабальных адказаў. Такім чынам падчас візіту сюды Святы Айцец будзе асаблівым чынам развіваць такія тэмы, як абарона стварэння, супольнага дому, пошук міру, раззбраення, як умовы для міру”, - сказаў іерарх.

Кардынал заўважыў, што Папа адправіцца ў Тайланд і Японію як пастыр, а пасланне, якое скіруе да мясцовых каталіцкіх супольнасцей, будзе актуальным для ўсяго свету і ўсяго Касцёла.

“Гэта пасланне аб місіі, неад’емным хрысціянскім досведзе, аб стварэнні, якое яму вельмі дарагое, аб міры, які патрэбны асабліва ў сучасным падзеленым, фрагментарным і канфліктным свеце”, - сцвердзіў кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду.

 

Навіна ў фармаце аўдыё
19 лістапада 2019, 12:55