На плошчы св. Пятра адкрыўся медпункт для бедных
Часовы шпіталь працуе з 10 лістапада. Бедныя, бяздомныя, беспрацоўныя, мігранты могуць карыстацца яго паслугамі на працягу чатырнаццаці гадзін у суткі – з 8.00 да 22.00. Дапамога аказваецца бясплатна. Не патрэбна таксама папярэдняя рэгістрацыя і медыцынская страхоўка.
Ініцыятыва рэалізуецца ўжо ў трэці раз. Упершыню медпункт быў арганізаваны ў 2017 г. Пры падтрымцы медыцынскіх цэнтраў і ўрачоў, сёлета быў пашыраны спектр дапамогі: бедныя могуць патрапіць на прыём да тэрапеўта, кардыёлага, дыябетолага, рэўматолага, інфекцыяніста, гінеколага і акуліста, а таксама здаць аналізы, прайсці ўльтрагукавое абследаванне, зрабіць прышчэпкі.
З нагоды Сусветнага дня бедных, у бліжэйшую нядзелю Папа будзе цэлебраваць св. Імшу ў ватыканскай базыліцы. Пасля літургіі, у Зале Паўла VI пройдзе святочны абед для 1,5 тыс. асоб у патрэбе.
Сусветны дзень бедных быў устаноўлены Францішкам на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. Ён адзначаецца ў Касцёле ў ХХХІІІ Звычайную нядзелю літургічнага года.