Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Вярхоўны пэнітэнцыярый пра дар адпусту

Адпуст або індульгенцыя – дараванне перад Богам часовай кары за грахі, якія ўжо прабачаны ў сакрамэнце споведзі, – заключае ў сабе “вымярэнне стварэння, яго адкупленчы і эсхаталагічны аспекты”.

Гэта падкрэсліў Вярхоўны пэнітэнцыярый Апостальскай Сталіцы, кардынал Маўра П’ячэнца ў адмысловым пасланні з нагоды ўрачыстасці Усіх Святых і Успаміну ўсіх памерлых вернікаў.

У гэтыя дні, напісаў іерарх, “мы пакліканы багата чэрпаць з вечнай крынiцы св. Камуніі, якая мае асаблівае вымярэнне ў дары адпусту”. “Удзельнічаць у Эўхарыстыі малітвай, пакаяннем і справамі міласэрнасці, дзякуючы вялікай справе Адкуплення, учыненай Хрыстом, азначае ўвайсці цалкам свабодна, дзякуючы Божай ласцы, у само дзеянне Найсвяцейшай Тройцы”, - нагадаў ён.

“Зварот да скарбніцы міласэрнасці Касцёла шляхам пабожнага прыняцця адпусту для сябе або для памерлых блізкіх азначае таксама абнаўленне веры праз сакрамэнт пакаяння, праз св. Камунію, атрыманую з належнай прыхільнасцю, з вызнаннем веры Касцёла і малітвай у інтэнцыях Святога Айца”, - працягнуў кардынал.

“Гэтымі простымі і канкрэтнымі жэстамі кожны вернік пацвярджае сваё поўнае адзінства з Касцёлам, прымаючы зноўку ўсе духоўныя і надзвычайныя каштоўнасці, якія вынікаюць з гэтай прыналежнасці”, - адзначыў Вярхоўны пэнітэнцыярый.

Кардынал Маўра П'ячэнца
Кардынал Маўра П'ячэнца

Кардынал П’ячэнца заклікаў вернікаў “ісці і нават бегчы” на споведзь, “пакорліва схіліць калені ў канфесіянале, вызнаючы ад усяго сэрца ўсе свае грахі і молячы аб Божай міласэрнасці”.

“Прымем жа ад усёй душы, у пакоры і радасці, дары поўнага адпусту, каб затым шчодра ўручыць іх нашым братам і сёстрам, якія, пераступіўшы праз парог часу, ужо не могуць нічога зрабіць для саміх сябе, але маюць магчымасць атрымаць вельмі шмат ад нашай міласэрнай любові”, - напісаў ватыканскі іерарх. Ён назваў адпуст “дзейсным і даступным вымярэнне веры ў лучнасці са святымі; ён з надзвычайнай эфектыўнасцю нагадвае, што нашы дзеянні валодаюць бясконцай і звышнатуральнай каштоўнасцю”.

У канцы паслання Вярхоўны пэнітэнцыярый заклікаў святароў выходзіць насустрач духоўным патрэбам вернікаў і быць для іх максімальна карыснымі ў гэтыя святыя дні.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 лістапада 2019, 11:52