Пошук

Лагатып ААН. Ілюстрацыйнае фота Лагатып ААН. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: жаночы геній незаменны ў мірных працэсах

Пра незаменнасць жаночага генія ў мірных працэсах нагадаў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса падчас адкрытых дэбатаў, якія прайшлі ў Радзе Бяспекі ААН на тэму сітуацыі жанчын, міру і бяспекі.

Прадстаўнік Святога Пасаду заўважыў, што яшчэ трэба шмат зрабіць, каб жанчыны мелі магчымасць рабіць свой выключны ўнёсак у спрыянне міру і згодзе ў свеце.

Дыпламат нагадаў, што часта жанчыны з’яўляюцца аднымі з першых ахвяр канфліктаў, пакутуючы ад іх наступстваў: пазбаўлення даху над галавой, недахопу пітной вады і гігіенічна-санітарных паслуг. Жанчыны часта застаюцца па-за мірнымі перамовамі і праграмамі, накіраванымі да дасягненне трывалага міру.

Арцыбіскуп Ауса звярнуў увагу на праблему сексуальнага насілля як сродку вядзення вайны. “Гэта павінна рашуча асуджацца заўсёды і ўсюды. Трэба прыкласці самыя эфектыўныя намаганні, каб такія жорсткія дзеянні больш не паўтараліся. Адказныя за злачынствы павінны стаць перад правасуддзем. Трэба скончыць з распаўсюджанай непакаранасцю такіх выпадкаў, што мае месца ў сітуацыях канфлікту, калі мы хочам паменшыць іх колькасць”, - сказаў ён.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі заўважыў, што жанчыны могуць граць важную ролю ў працэсах прымірэння. “Вельмі важна, каб іх геній і незаменныя кампетэнцыі выкарыстоўваліся ў вызначальных нацыянальных, рэгіянальных і міжнародных працэсах”, - дадаў іерарх.

Арцыбіскуп Ауса нагадаў, што мінула сорак гадоў з таго часу, як Нобелеўскую прэмію міра атрымала св. Маці Тэрэза з Калькуты, “вядомая сваёй бескарыслівай працай і нястомнымі намаганнямі на карысць самых бедных, пакінутых, яшчэ не народжаных, паміраючых і іншых, каго сучаснае грамадства пакідае за плячыма”. Іерарх заўважыў, што сёння такой дзейнасцю штодзённа займаюцца тысячы каталіцкіх манахінь ва ўсім свеце, уклад якіх у будаванне мірнага грамадства часта застаецца незаўважаным.

Дыпламат заклікаў Раду Бяспекі ААН да больш актыўнага ўключэння жанчын у мірныя працэсы, што, на думку Святога Пасаду, прынясе больш глыбокія вынікі на карысць усіх.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 лістапада 2019, 14:59