Пошук

Францішак падчас візіту ў Ларэта Францішак падчас візіту ў Ларэта 

Ларэтанскі Юбілейны Год: прэзентацыя ў Ватыкане

3 снежня 2019 г. у Ватыкане правялі прэзентацыю Ларэтанскага Юбілейнага Года, які абвясціў Францішак. Ён будзе праходзіць з 8 снежня 2019 г. па 10 снежня 2020 г.

У 2020 г. будзе адзначацца 100-годдзе з дня аб’яўлення Маці Божай у італьянскім горадзе на беразе Адрыятычнага мора. Яна з’яўляецца заступніцай авіятараў і ўсіх, хто падарожнічае ў паветры.

Хоць адзіным юбілейным касцёлам стане санктуарый Святога Дома ў Ларэта, поўны адпуст можна будзе атрымаць і ў капліцах грамадзянскіх і ваенных аэрапортаў, па запыце, накіраваным ардынарыем месца ў Папскую дэлегатуру. Такія просьбы ўжо паступілі з многіх краін.

Падчас Юбілею адбудзецца перэгрынацыя трох статуй Маці Божай Ларэтанскай. Першая з іх наведае аэрапорты рэгіёнаў Італіі, другую прымуць ваенныя паветраныя базы, а трэцюю – галоўныя аэрапорты пяці кантынентаў: ад Буэнас-Айрэса да Нью-Ёрка, ад Таронта да асноўных еўрапейскіх сталіц, ад Бейрута да Манілы.

Найбольш значнымі падзеямі Юбілейнага года, стануць: святкаванне 100-годдзя аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі, якое пройдзе ў Ларэта 24 сакавіка 2020 г.; Юбілей студэнтаў – 25 сакавіка; Юбілей сем’яў – 3-10 мая; Паветранае свята – 5-6 верасня.

Цырымонія адкрыцця Святых дзвярэй, якую 8 снежня 2019 г. узначаліць кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, будзе трансліравацца ў прамым эфіры на Youtube-канале санктуарыя. Падрабязную інфармацыю аб усіх падзеях можна знайсці на спецыяльнай старонцы www.jubilaeumlauretanum.it.

Папа Бэнэдыкт XV, пасля шматлікіх просьбаў авіятараў з усяго свету, якія надыходзілі ў Ватыкан пасля Першай сусветнай вайны, сваім дэкрэтам ад 24 сакавіка 1920 г. абвясціў Мадону з Ларэта “Нябеснай заступніцай авіятараў”.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 снежня 2019, 11:48