Пошук

Кс. Ханс Цольнэр Кс. Ханс Цольнэр 

Касцёльны эксперт: будуць новыя крокі па абароне непаўналетніх

Член Папскай камісіі па абароне непаўналетніх і самы вядомы касцёльны эксперт у гэтым пытанні, кс. Ханс Цольнэр патлумачыў эфекты двух нядаўніх папскіх рэскрыптаў.

Максімальнае супрацоўніцтва з грамадзянскімі ўладамі, празрыстасць у Касцёле, пэўнасць пакарання і абарона пацярпелых, – гэта, на думку эксперта, галоўныя іх тэзісы.

Рашэнне Францішка скасаваць “папскую таямніцу” ў выпадках сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх і падняць з 14 да 18 гадоў узрост у выпадках набыцця, захоўвання і распаўсюджвання парнаграфічных выяў, прызнаў кс. Цольнэр, гэта “вырашальна важны крок”. Ён нагадаў, што “дакументацыя, звязаная з абвінавачваннямі і расследаваннем выпадкаў злоўжывання адносна дзяцей, можа быць запытана грамадзянскімі органамі не толькі ў Святога Пасаду, але і ў дыяцэзій і манаскіх кангрэгацый.

“Гэта крок наперад на шляху да празрыстасці ў Касцёле і моцны сігнал супрацоўніцтва з легітымнымі ўладамі дэмакратычнай дзяржавы”

, - сказаў кіраўнік Цэнтра абароны непаўналетніх Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта.

Езуіт прызнаўся, што такое супрацоўніцтва ўжо існавала ў некаторых частках свету. Напрыклад, біскупы ЗША перадавалі ўладам дакументацыю аб злоўжываннях, паколькі прававая сітуацыя ў краіне гэта дапускае. У іншых частках свету судовая практыка не так адназначная. Таму і важна было стварыць магчымасць выканання законных патрабаванняў па абароне пацярпелых і праходжання ўсяго шляху ад расследавання злачынстваў да пакарання вінаватых.

Папскімі рэскрыптамі барацьба са злоўжываннямі ў Касцёле не скончыцца – кс. Цольнэр падзяліўся інфармацыяй пра новыя крокі, што чакаюцца ў хуткім часе. Па-першае гаворка ідзе пра апублікаванне vademecum – дапаможніка з рэкамендацыямі для дыяцэзіяльных судоў і біскупаў, як дзейнічаць у выпадках злоўжывання і па якіх крытэрыях караць пэўныя злачынствы. На думку святара, “гэта будзе вельмі карысная рэч, асабліва для місій і краін, дзе прававы патэнцыял і кампетэнцыя не вельмі развіты”.

Нагадаем, што 17 снежня 2019 г. у Ватыкане былі абнародаваны два рэскрыпты. Першы тычыцца адмены “папскай таямніцы” у справах, звязаных з педафіліяй, другі – адаптацыі касцёльнага заканадаўства адносна духоўных асоб, абвінавачаных у набыцці, захоўванні і распаўсюджванні дзіцячай парнаграфіі, да міжнародных норм.

 

19 снежня 2019, 12:39