Кардынал Тагле распачне працу ў Ватыкане з сярэдзіны студзеня
Да гэтага часу абавязкі прэфекта будзе выконваць папярэднік філіпінскага іерарха, кардынал Фернанда Філоні. Францішак прызнаў за 75-гадовым італьянцам тытул прэфекта-эмерыта місійнай кангрэгацыі.
Падводзячы вынікі сваёй васьмігадовай працы ў дыкастэрыі, кардынал Філоні нагадаў, што “Папа даручае Кангрэгацыі евангелізацыю ў свеце і падтрымку маладых Касцёлаў, каб абвяшчэнне Хрыста было прыярытэтам ва ўсёй душпастырскай дзейнасці”. Ён дадаў, што ў якасці прэфекта здзейсніў “каля 50 душпастырскіх падарожжаў па Азіі, Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Акіяніі", пазнаёміўшыся з “прыгожым абліччам мясцовых Касцёлаў”.
Згодна з планамі рэформы Рымскай курыі, хутчэй за ўсё, Кангрэгацыя евангелізацыі народаў аб’яднацца ў адну дыкастэрыю з Папскай радай па новай евангелізацыі, ператварыўшыся такім чынам у структуру, адказную за ўсе сегменты евангелізацыйнай працы Каталіцкага Касцёла.