Пошук

Сустрэча на тэму абароны непаўналетніх, скліканая Папам у Ватыкане ў лютым 2019 г. Сустрэча на тэму абароны непаўналетніх, скліканая Папам у Ватыкане ў лютым 2019 г.  Калонка рэдактара

Папскія рэскрыпты не ўплываюць на таямніцу споведзі

Скасаваўшы “папскую таямніцу” у выпадках сексуальнага злоўжывання адносна непаўналетніх, Францішак ідзе далей па шляху празрыстасці, - адзначыў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

Сустрэча на тэму абароны непаўналетніх, скліканая Папам у Ватыкане ў лютым 2019 г., працягвае прыносіць плён: у аўторак, 17 снежня 2019 г., было абвешчана важнае рашэнне – якое без перабольшання можна назваць гістарычным – адносна “папскай таямніцы”. Францішак вырашыў адмяніць яе ў выпадках, калі гаворка ідзе пра злоўжыванне і сексуальны гвалт адносна непаўналетніх, а таксама пра дзіцячую парнаграфію.

Гэта азначае, што абвінавачванні, сведчанні і працэсуальныя дакументы, якія тычацца выпадкаў злоўжывання і захоўваюцца ў архівах ватыканскіх дыкастэрый і ў архівах дыяцэзій, што дагэтуль падпадалі пад “папскую таямніцу”, могуць быць перададзены па запыце следчых органаў краін. Гэта сведчанне адкрытасці, даступнасці, празрыстасці, супрацоўніцтва з грамадзянскімі ўладамі, - падкрэсліў Андрэа Тарніелі ў сваёй рэдактарскай калонцы на Vatican News.

Што тычыцца ватыканскіх дыкастэрый, то запыт павінен быць зроблены ў рамках міжнароднай следчай даверанасці, што з’яўляецца звычайнай з’явай у кантэксце міждзяржаўных адносін. Працэдура адрозніваецца, калі дакументы захоўваюцца ў архівах дыяцэзіяльнай курыі: следчыя органы зацікаўленых краін павінны накіраваць запыт непасрэдна біскупу. Аднак асаблівы рэжым, які можа быць прадугледжаны дамовамі ці канкардатамі паміж Касцёлам і дзяржавай, застаецца некранутым.

Значэнне рашэння Францішка, якое звязана з майскім motu proprio “Vos estis lux mundi” відавочнае, – карысць дзяцей і падлеткаў заўсёды павінна ставіцца вышэй за абарону любой таямніцы, нават “папскай”. Вядома, рэскрыпт ніякім чынам не ўплывае на таямніцу споведзі, прырода якой цалкам адрозніваецца ад паходжання “папскай таямніцы”, не абавязвае да публікацыі судовых дакументаў, не ўносіць змен у права на канфідэнцыйнасць ахвяр і сведак.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 снежня 2019, 14:53