Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан прыме форум на тэму дапамогі невылечна хворым і пажылым

Паліятыўная дапамога і псіхічнае здароўе – дзве тэмы, што будуць абмяркоўвацца на міжнародным сімпозіуме, на які ў Ватыкан 11-12 снежня 2019 г. з’едуцца эксперты ў розных галінах навукі.

Арганізатары з Папскай акадэміі жыцця лічаць, што гэта важныя сферы для будучага чалавецтва, а не толькі для аховы здароўя, таму што хворыя і пажылыя пачалі лічыцца сёння людзьмі, якія больш не могуць нічога прапанаваць. Гэта феномен культуры адчужэння, як яе называе папа Францішак.

“З аднаго боку, мы назіраем рост старэння насельніцтва, а з іншага, распаўсюджванне культуры эўтаназіі, паколькі невылечна хворыя і пажылыя лічацца непатрэбнымі ў свеце, арыентаваным на прыбытак, а эканоміка і палітыка аховы здароўя часта паддаюцца бухгалтарскаму мысленню”

, - заўважыў арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай акадэміі жыцця.

Удзельнікі ватыканскага форума хочуць звярнуць увагу, што паліятыўная дапамога – “гэта галоўны герой неад’емнага суправаджэння пацыента ў кантэксце сучаснай медыцыны”. “Мы ведаем, што мы можам клапаціцца, нават калі ўжо не магчыма вылечыць, ураўнаважваючы ўвагу да чалавека з фінансавым балансам”, - заўважыў ватыканскі іерарх падчас прэзентацыі сімпозіума, якая прайшла 10 снежня 2019 г. у Зале Друку.

Тут вельмі важны ўдзел рэлігій, паколькі паліятыўная дапамога павінна ўлічваць як фізічны, так і эмацыйны і духоўны аспекты чалавека. Падыход да чалавечага быцця і рэчаіснасці, які шануе рэлігійны досвед, дазваляе бачыць і прымаць дабро, што выходзіць за рамкі простай меры вылічэння. Таму сёння важна “пераасэнсаванне новага братэрства” – гэта, на думку арганізатараў, антрапалагічная і сацыяльная задачы сучаснасці. Асобная частка працы форума будзе прысвечана дзіцячай паліятыўнай дапамозе.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 снежня 2019, 13:50