Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё – 70 гадоў
70 гадоў таму Добрая Вестка з самага цэнтра каталіцкага свету, Ватыкана, пачала гучаць і распаўсюджвацца па-беларуску: 6 студзеня 1950 г. пачалося рэгулярнае вяшчанне беларускамоўнай праграмы на Ватыканскім радыё.
Менавіта гэты дзень стаў кропкай адліку гісторыі існавання Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, хоць упершыню на хвалях папскай радыёстанцыі беларуская мова прагучала крыху раней: 24 снежня 1949 г. у эфіры было зачытана перакладзенае пасланне папы Пія XII з нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння і пачатку юбілейнага 1950 г.
За сваю гісторыю Беларуская рэдакцыя зведала шмат пераўтварэнняў, дзякуючы якім заўсёды адпавядала патрабаванням часу, не губляючы пры гэтым сваёй глыбока хрысціянскай, прапаведніцкай сутнасці. Сёння, як і 70 гадоў таму, яна, нароўні з дзясяткамі іншых нацыянальных праграм, служыць дзейсным сродкам дыялогу Папы са светам, вестуном радасці і надзеі для ўсіх тых, хто шукае Бога.
Ля вытокаў беларускай праграмы стаяў кс. Пётр Татарыновіч, каталіцкі святар з Піншчыны, таленавіты аўтар і перакладчык. Спачатку адзін, а пазней у супрацоўніцтве з руплівымі памочнікамі – а. Кастусём Маскалікам, а. Тамашам Падзявай, а. Язэпам Германовічам – ён рыхтаваў 10-хвілінны агляд падзей з Ватыкана і з жыцця Касцёла, што выходзіў у эфір раз на тыдзень.
У 1970 г., калі кс. Татарыновіч выходзіў на пенсію, беларуская праграма выходзіла ў эфір ужо пяць разоў на тыдзень, а яе працягласць павялічылася да 14 хвілін. Кіраўніцтва рэдакцыяй пераняў грэка-каталіцкі святар, а. Леў Гарошка, які імкнуўся ўзбагачаць выпускі навін беларускай нацыянальнай тэматыкай: рыхтаваў рубрыкі, прысвечаныя гісторыі хрысціянства ў Беларусі, славутым беларускім рэлігійным дзеячам, хрысціянскім аспектам беларускай літаратуры.
Пасля смерці а. Гарошкі ў 1977 г. рэдакцыю ўзначаліў а. Роберт Тамушанскі – каталіцкі святар усходняга абраду. У гэты перыяд да працы над беларускай радыёперадачай упершыню пачалі далучацца свецкія вернікі, а сама сядзіба Беларускай рэдакцыі – паступова ператварацца ў месца сустрэчы выбітных беларускіх дзеячаў у самым сэрцы каталіцызму. У свой час тут бывалі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Адам Мальдзіс, Янка Запруднік, а. Аляксандр Надсан, кардынал Казімір Свёнтэк і інш. У 1980 г. падчас свайго візіту на Ватыканскае радыё рэдакцыю наведаў папа Ян Павел ІІ.
У 1996 г. кіраўніцтва Беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё перайшло да езуіта бельгійскага паходжання а. Клода Робінэ. Адметнасцю гэтага перыяду стаў выхад нацыянальных праграм папскай радыёстанцыі ў інтэрнет-прастору: пачаў працаваць сайт рэдакцыі.
З 2010 г. на чале Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё стаіць кс. Аляксандар Амяльчэня, у мінулым – прэс-сакратар Касцёла ў Беларусі і кіраўнік афіцыйнага парталу Каталіцкага Касцёла ў Беларусі catholic.by. У многім дзякуючы яго намаганням Беларуская праграма Ватыканскага радыё значна наблізілася да сучасных стандартаў радыёвяшчання: змянілася яе структура, ухіл пачаў рабіцца на актуальнасць навін, своечасовасць і даступнасць падачы інфармацыі. З’явілася старонка рэдакцыі ў сацыяльнай сетцы “Фэйсбук”. А пачынаючы з 10 чэрвеня 2012 г., раз на тыдзень выніковы выпуск рэлігійных навін з Ватыкана, падрыхтаваны супрацоўнікамі рэдакцыі, выходзіць у эфіры Першай праграмы Беларускага радыё.
Год таму Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё паспяхова ўлілася ў новую камунікацыйную сістэму Апостальскай Сталіцы – партал “Vatican News”, які ўзнік па выніках рэформы ватыканскіх СМІ, ініцыяванай папам Францішкам у 2015 г., і ўвабраў у сябе ўсе медыйныя сродкі Святога Пасаду. Сёння ўсе яны ўваходзіць у склад заснаванай у 2018 г. Дыкастэрыі па камунікацыі.
Сённяшнія супрацоўнікі Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё – кс. Аляксандр Амяльчэня, Аляксандр Панчанка і Ян Мойсік – ганарацца яе гісторыяй, з удзячнасцю ўзгадваюць сваіх папярэднікаў і прыкладаюць усе намаганні, каб годна працягваць іх евангелізацыйную місію і такім чынам плённа служыць Богу і Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі.