Пошук

Прафесар Стэфана Дзаманьі. Ілюстрацыйнае фота Прафесар Стэфана Дзаманьі. Ілюстрацыйнае фота 

Навуковец пра амбіцыйныя мэты форума “Эканоміка Францішка”

Іншая эканоміка – магчымая, - выказаў упэўненасць у інтэрв’ю італьянскаму штотыднёвіку “Credere” прафесар Стэфана Дзамані, старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук.

Навуковец з’яўляецца адным з галоўных арганізатараў міжнароднага форума “Эканоміка Францішка”, які пройдзе з 26 па 28 сакавіка 2020 г. у італьянскім Асізі. На ім збяруцца эканамісты і прадпрымальнікі ва ўзросце да 35 гадоў з 115 краін свету. “Эканоміка Францішка” стане ўдарам пад дых для многіх”, - вобразна выказаўся прафесар, кажучы пра амбіцыйныя мэты канферэнцыі.

Паводле старшыні Папскай акадэміі сацыяльных навук, папа Францішак цудоўна разумее, што сацыяльнае вучэнне Касцёла не можа абмяжоўвацца выключна да асуджэння дэструктыўных наступстваў пэўнага роду эканамічнай дзейнасці, але павінна імкнуцца да ідэнтыфікацыі іх глыбокіх прычын.

Прафесар Дзамані заўважыў, што “у Асізі пройдзе не проста адзін з многіх кангрэсаў”, тут “будзе створана сапраўдная майстэрня” для распрацоўкі мадэлі “цывілізаванай рынкавай эканомікі”, што мае ў аснове сацыяльнае вучэнне Касцёла.

Навуковец заўважыў, што пачаткам развіцця каталіцкай сацыяльнай думкі можна лічыць заснаванне ў 1753 г. у Неапальскім універсітэце кафедры эканомікі. Але на працягу апошніх двух стагоддзяў каталіцкі пункт гледжання на эканамічную дзейнасць быў занядбаны грамадствам, а прыярытэт быў аддадзены ліберальнай і дзяржаўнай мадэлям.

Стэфана Дзамані сурова выказаўся пра сучасных навукоўцаў і экспертаў, няздольных заўважыць глабальныя змены, у прыватнасці кліматычных крызіс. “Нядаўна два вядомыя англійскія эканамісты Нікалас Стэрн і Эндру Освальд падлічылі, што ў 7100 артыкулах, апублікаваных на працягу апошніх 20 гадоў у 10 самых самых важных навуковых часопісах у свеце, толькі 55 прысвечана экалагічным пытанням. Гэта сапраўдная ганьба! Гэта пацвярджае тое, што калі быў сфарміраваны пэўны спосаб мыслення, яго цяжка змяніць”, - сказаў навуковец. Ён зазначыў таксама, што і каталіцкія навукоўцы пакуль зрабілі мала ў гэтай сферы, таму сакавіцкі форум у Асізі своечасовы і важны.

Натхненнем для міжнароднага форуму, які пройдзе пад патранатам Дыкастэрыі па спрыянні інтэгральнаму развіццю чалавека, стане беднасць св. Францішка, якая дазваляе глядзець на эканоміку праз прызму братэрства і салідарнасці. Колькасць тых, хто жадае прыняць удзел у канферэнцыі, якую ўжо абвясцілі “Давосам Францішка”, спасылаючыся на Сусветны эканамічны форум у швейцарскім горадзе, ужо перавысіла 3 тыс. чалавек. Заяўкі паступілі ад маладых эканамістаў і прадпрымальнікаў з 115 краін свету. Самым маладым удзельнікам, з Славакіі і Тайланда, па 12 гадоў.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 студзеня 2020, 13:25