Новыя Дэкан і Віцэ-дэкан Калегіі кардыналаў
Новым Дэканам калегіяльнага органу, у які ўваходзяць усе кардыналы Каталіцкага Касцёла, стаў Джавані Батыста Рэ, Прэфект-эмерыт Кангрэгацыі па справах біскупаў і ў мінулым Віцэ-дэкан Калегіі. Яго намеснікам будзе кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў.
21 снежня 2019 г. Францішак прыняў адстаўку кардынала Анджэла Садана з пасады Дэкана Калегіі кардыналаў і ўстанавіў, што цяпер гэту функцыю можна будзе выконваць максімальна два пяцігадовых тэрміны.
85-гадовы Джавані Батыста Рэ – італьянскі курыяльны кардынал і ватыканскі дыпламат, чыё служэнне галоўным чынам было звязана з Рымскай курыяй. 76-гадовы Леанарда Сандры – аргентынскі кардынал італьянскага паходжання, шмат гадоў працаваў у ватыканскай дыпламатыі, а з чэрвеня 2007 г. узначальвае Кангрэгацыю Усходніх Касцёлаў.
Дэкан абіраецца заўсёды з ліку кардыналаў-біскупаў. Трэба нагадаць, што ў чэрвені 2018 г. Папа надаў чатыром іерархам годнасць кардыналаў-біскупаў. Сярод іх быў таксама Леанарда Сандры. Апрача яго, гэты тытул атрымалі кардыналы: Пьетра Паралін, Дзяржсакратара Яго Святасці Папы; Марк Уэле, Прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў; Фернанда Філоні, Прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў.