Рэалізм і надзея: ключавыя словы Папы да дыпламатычнага корпуса
У прамове Францішка аб “стане свету” у гэтым годзе варта звярнуць увагу, у прыватнасці, на словы, прысвечаныя ўмацаванню напружанасці паміж Іранам і ЗША. Папа ўжо выказваўся па гэтым пытанні ў нядзелю, 5 студзеня, паўтараючы заклік да спынення далейшага росту супрацьстаяння, захоўваючы “полымя дыялогу і самакантролю ў поўнай павазе да міжнароднага правапарадку”. Гэты заклік тычыцца ўсіх бакоў і з рэалізмам адлюстроўвае пагрозу ўцягнуць Блізкі Усход і ўвесь свет у канфлікт з незлічонымі наступствамі, - зазначыў Андрэа Тарніелі.
Калі сёння цалкам справядліва, што ўвага засяроджана на развіцці крызісу паміж ЗША і Іранам, і на дадатковых пагрозах, якія ён уяўляе для і без таго нестабільнага Іраку, спакутаванага ад войнаў і тэрарызму, Францішак не спрашчае рэчаіснасць. Ён узгавае пра шматлікія іншыя войны і праявы насілля, вельмі часта забытыя. Ён зрывае завесу маўчання аб лёсе Сірыі, нагадвае пра канфлікт у Емене, які перажывае сур’ёзны гуманітарны крызіс пры раўнадушнасці міжнароднай супольнасці. Папа нагадвае пра Лівію, а таксама пра насілле ў Буркіна-Фасо, Малі, Нігеры і Нігерыі; нагадвае пра насілле супраць нявінных людзей, сярод якіх нямала хрысціян, забітых за вернасць Евангеллю, ахвяр тэрарызма і фундаменталізма.
Таго, хто слухаў ці прачытаў доўгі і падрабязны пералік крызісаў, уключаючы тыя, што бушуюць у Лацінскай Амерыцы і выкліканы несправядлівасцю і эндэмічнай карупцыяй, не можа не ўразіць той факт, што Францішак пачаў сваю прамову з поглядам надзеі, той надзеі, якая для хрысціян з’яўляецца фундаментальнай цнотай, якую, аднак, нельга аддзяліць ад рэалізма.
Надзея, як патлумачыў Папа, патрабуе таго, каб праблемы былі названы па імені, каб была адвага пераадольваць іх; не забываючы пра няшчасці, выкліканыя войнамі, што працягваюцца ўжо даўно, і справакаваныя імі разбурэнні; не забываючы пра абсурднасць і амаральнасць гонкі ядзернага ўзбраення і канкрэтную пагрозу знішчэння свету; не забываючы аб недахопе павагі да чалавечага жыцця і годнасці, аб недахопе ежы, вады і медыцынскага забеспячэння, ад чаго пакутуе так шмат людзей, аб экалагічным крызісе, які яшчэ вельмі шмат людзей робяць выгляд, што не заўважаюць.
Спадзявацца магчыма, таму што ў свеце, які здаецца асуджаным на нянавісць і муры, ёсць мужчыны і жанчыны, якія не скараюцца перад падзеламі і не адварочваюць погляд у іншы бок ад тых, хто пакутуе; таму што існуюць лідары, якія прыналежаць да розных рэлігій, якія сустракаюцца і спрабуюць будаваць мірны свет; таму што ёсць моладзь, якая імкнецца ўмацаваць чуласць дарослых да рызыкаў, якім падвяргаецца створаны свет, набліжаючыся да кропкі незвароту. Мы можам спадзявацца, бо пасярод Бэтлеемскай ночы, Бог, Усемагутны Бог, вырашыў стаць дзіцяткам, немаўляткам, слабым і пакорным, каб перамагчы і пакарыць сваёй бязмернай любоўю і сваёй міласэрнасцю.