Вялікі рэпартаж пра Бэнэдыкта XVI на баварскім тэлебачанні
У 28-хвілінным матэрыяле 92-гадовы Бэнэдыкт XVI паказаны падчас малітвы, шпацыру, у інваліднай калясцы і за пісьмовым сталом. Мае праблемы з мабільнасцю і размаўляе слабым голасам. “Калісьці ў мяне быў цудоўны голас, зараз ён больш не працуе”, - прызнаецца Папа-эмерыт. Ён дадае, што прытрымліваецца строгага графіку дня.
Яго асабісты сакратар, арцыбіскуп Георг Генсвайн распавядае пра тое, чым Бэнэдыкт XVI займаецца кожны дзень, пачынаючы з ранішняй св. Імшы, якую яны цэлебруюць разам у 7.30. Вялікая частка дня праходзіць у бібліятэцы ў атачэнні кніг. “Жыццё прафесара тэалогіі Ёзэфа Ратцынгера адлюстравана ў тысячах кніг. Ён сам кажа, што ўсе этапы яго жыцця звязаны з кнігамі, і ён кожны дзень праводзіць з імі”, - распавядае арцыбіскуп Генсвайн. Іерарх дадае, што “Бэнэдыкт – 92-гадовы чалавек з цвярозым розумам”, але “страціў даволі шмат фізічных сіл”.
Рэпартаж канцэнтруецца вакол успамінаў Папы-эмерыта аб яго радзіме. “Я заўсёды вельмі звязаны з Баварыяй і кожны вечар даручаю наш край Пану”, - прызнаецца Бэнэдыкт XVI, які захоўвае ў сваім доме сувеніры, звязаныя з роднымі мясцінамі. Яго кухары таксама стараюцца гатаваць баварскія стравы. “Папа любіць асабліва дэсерты сваёй зямлі”, - тлумачыць арцыбіскуп Генсвайн.
Асабісты сакратар сцвярджае, што Папа-эмерыт ніколі не пашкадаваў аб сваёй адстаўцы ў 2013 г. Гэта было рашэнне, якое ён доўга прымаў і над якім доўга маліўся, таму Бэнэдыкт XVI “цалкам сугучны самому сабе”.