Пошук

Лагатып Нядзелі Божага Слова Лагатып Нядзелі Божага Слова 

У Ватыкане прадстаўлена праграма першай Нядзелі Божага слова

У Ватыкане адбылася прэзентацыя праграмы святкавання Нядзелі Божага Слова. Яна будзе ўпершыню адзначацца 26 студзеня 2020 г. З гэтай нагоды Францішак узначаліць урачыстую цэлебрацыю.

Падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла 17 студзеня 2020 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела, нагадаў, што Нядзеля Божага Слова паклікана дапамагчы хрысціянам паглядзець на Біблію не проста як на адну з многіх кніг у хатняй бібліятэцы, але як на каштоўную “прыладу”, якая можа абудзіць веру.

Іерарх падкрэсліў, што дата святкавання Нядзелі Божага слова была выбрана невыпадкова. Гэты дзень будзе адзначацца ў Касцёле ў той жа літургічны перыяд, калі адзначаецца Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян і Дзень дыялогу паміж юдэямі і католікамі, становячыся, такім чынам, чарговым крокам на шляху экуменічнага дыялогу.

Арцыбіскуп Фізікела распавёў, што ў Нядзелю Божага Слова Францішак будзе цэлебраваць св. Імшу ў базыліцы св. Пятра. Падчас яе на цэнтральным алтары будзе ўстаноўлена фігурка Маці Божай Нокскай, Апякункі Ірландыі, якую спецыяльна даставяць з “Зялёнага вострава”. Маўклівае аб’яўленне Багародзіцы ў горадзе Нок разумецца як заклік да заглыблення ў таямніцу Эўхарыстыі і чытання Святога Пісання, - патлумачыў іерарх.

Падчас літургіі, разам з Папскім хорам Сікстынскай капэлы, будзе спяваць хор з ірландскага марыйнага санктуарыя. Літургічныя тэксты будуць чытацца з лекцыянарыя, які выкарыстоўвася ў базыліцы св. Пятра падчас усіх сесій Другога Ватыканскага Сабора.

На заканчэнне св. Імшы Францішак здзейсніць сімвалічны жэст: уручыць Біблію прадстаўнікам розных прафесій і сацыяльных груп, сярод якіх будуць біскуп, мігрант, святар, катэхет, кансэкраваная асоба, паліцэйскі, швейцарскі гвардзеец, універсітэцкі выкладчык, дыпламат, школьны настаўнік, бяздомны, журналіст, спартсмен, вязень, сям’я, прадстаўнікі розных канфесій. Пры выхадзе з базылікі св. Пятра спецыяльнае выданне Бібліі атрымае таксама кожны ўдзельнік цэлебрацыі.

Арцыбіскуп Фізікела распавёў, што з нагоды першай Нядзелі Божага Слова быў падрыхтаваны дапаможнік для душпастыраў, выдадзены на шасці мовах: англійскай, італьянскай, французскай, іспанскай, партугальскай і польскай. У ім змешчана інфармацыя, якая павінна дапамагчы святарам арганізаваць святкаванне гэтага дня ў парафіі. Дапаможнік даступны да спампавання на сайце Папскай рады па новай евангелізацыі.

Нядзеля Божага Слова будзе адзначацца ў Каталіцкім Касцёле ў Трэцюю нядзелю Звычайнага перыяду. Францішак устанавіў яе Апостальскім лістом “Aperuit illis”, які выдаў ў форме “motu proprio” 30 верасня 2019 г. – у 1600-годдзе з дня смерці перакладчыка Святога Пісання на лацінскую мову, св. Гераніма.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 студзеня 2020, 12:10