Пошук

Эскіз Рафаэля для габелену "Прапаведванне св. Паўла". Ілюстрацыйнае фота Эскіз Рафаэля для габелену "Прапаведванне св. Паўла". Ілюстрацыйнае фота 

Габелены Рафаэля будуць выстаўлены ў Сікстынскай капэле

Толькі на працягу аднаго тыдня, з 17 па 23 лютага 2020 г., славутыя габелены Рафаэля Санці на тэму Дзеяў Апосталаў будуць экспанавацца ў Сікстынскай капэле.

Наведвальнікі Ватыканскіх музеяў атрымаюць магчымасць убачыць мастацкія шэдэўры ў тым асяроддзі, для якога былі створаны. Дзесяць велізарных габеленаў былі заказаны папам Львом Х для аздаблення ніжняй часткі сцен Сікстынскай капэлы. Яны былі вытканы па эскізах Рафаэля паміж 1515 і 1519 гг. у майстэрні фламандскага мастака Пітэра ван Альста.

Звычайна габелены захоўваюцца ў Ватыканскай пінакатэцы, у славутай Зале VIII, вядомай пад назвай “Зала Рафаэля”. Іх экспанаванне ў Сікстынскай капэле пройдзе ў рамках святкавання 500-годдзя з дня смерці умбрыйскага майстра. Наведаць выставу можна будзе ў звычайныя гадзіны працы Ватыканскіх музеяў без дадатковай аплаты.

Рафаэль Санці – італьянскі мастак, графік і архітэктар, адзін з майстроў эпохі Адраджэння. Ён жыў паміж 1483 і 1520 г. Значны перыяд свайго жыцця працаваў у Ватыкане па запрашэнні папы Юлія ІІ. Рафаэль упрыгожваў памяшканні Апостальскага палацу і нават прапанаваў праект новай базылікі св. Пятра.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 лютага 2020, 13:21