Кіраўнік дыпакадэміі: місійны год – лепш служыць Касцёлу
Гаворка ідзе пра ўвядзенне ў навучальную праграму Папскай касцёльнай акадэміі, якая рыхтуе дыпламатычных прадстаўнікоў Святога Пасаду, так званага місійнага года, калі студэнт накіроўваецца на служэнне ў адну з дыяцэзій для душпастырскай і евангелізацыйнай працы. Аб гэтым Пантыфік паведаміў у адмысловым лісце.
Кіраўнік Акадэміі падкрэсліў, што час, праведзены на місіях, запатрабуе адрачэння ад сябе і спрыяння таму, каб Касцёл меў больш місіянерскае аблічча.
Арцыбіскуп Марына спаслаўся на асабістую сустрэчу з Папам. “Францішак пацвердзіў сказанае ў лісце, што новаўвядзенне з’яўляецца цалкам святарскім і душпастырскім, і таму яго трэба разумець у якасці досведу і місіянерскай фармацыі. Калі мы паглядзім на пантыфікат Францішка, то з часу абрання ён шмат разоў паўтараў, што марыць пра місіянерскі Касцёл, які выходзіць да людзей”, - нагадаў старшыня Папскай касцёльнай акадэміі.
Іерарх прызнаўся, што тое, як Францішак бачыць працу ватыканскіх дыпламатаў, падштурхоўвае іх да сапраўднага навяртання, выйсця з уласных абмежаванняў, з уласных інтарэсаў, каб быць бліжэй да тых Касцёлаў і краін, якім патрэбна бацькоўская прысутнасць Папы. Таму місіянерскі вопыт арцыбіскуп Марына ўспрымае ў якасці ўнікальнай духоўнай практыкі для навяртання і лепшага служэння ў Касцёле і на яго карысць.