У Ватыкане адзначаецца гадавіна Латэранскіх пагадненняў
Латэранскія пагадненні паклалі канец так званаму “Рымскаму пытанню”, якое ўзнікла пасля захопу Папскай дзяржавы і Вечнага горада больш маладой і моцнай Італіяй. 20 верасня 1870 г. каля 70 тыс. італьянскіх салдат увайшлі ў Рым. Папа Пій ІХ, войскі якога складаліся толькі з 10 тыс. воінаў, не аказваў супраціву і закрыўся ў сваёй рэзідэнцыі за ватыканскімі мурамі.
Пантыфік адлучыў ад Касцёла італьянскага караля Віктара Эмануіла ІІ, яго ўрад і парламент, забараніў італьянскім вернікам прымаць удзел у палітычным жыцці краіны-узурпатара і назваў непрымальнымі аднабаковыя рашэнні Італіі.
Такой пазіцыі, з большымі ці меншымі пацяпленнямі ў бок італьянскіх уладаў, прытрымліваліся ўсе наступныя Пантыфікі. Надзея на канец канфлікта ўзнікла толькі тады, калі на Пасад св. Пятра быў абраны Пій XI. Ён вырашыў, што неабходна пакласці канец супрацьстаянню і знайсці шляхі для прымірэння.
Доўгія сустрэчы і перамовы папскім дыпламатам даводзілася праводзіць з тагачасным Прэм’ер-міністрам Італіі Беніта Мусаліні. Нарэшце, праз некалькі гадоў кампраміс быў знойдзены і зацверджаны ў Латэранскіх пагадненнях, падпісаных 11 лютага 1929 г.
Гэтыя дакументы складаліся з трох трактатаў: дамовы, фінансавай канвенцыі і канкардата. Першы тычыўся палітычнага статуса Апостальскай Сталіцы і прызнаваў поўную суверэннасць горада-дзяржавы Ватыкан. У ім прызнаваліся ўласнасцю Папы рэзідэнцыя ў Кастэль Гандольфа, шэраг рымскіх базылік і іншыя будынкі. Святы Пасад, у сваю чаргу прызнаваў каралеўства Італія і адмаўляўся ад прэтэнзій на аднаўленне Папскай дзяржавы.
У другім дакуменце Італія абавязвалася выплочваць Апостальскай Сталіцы фінансавую кампенсацыю за анексаваную тэрыторыю і ўзурпаваныя даброты. Гэтыя грошы сталі асновай для заснавання Інстытута рэлігійных спраў, вядомага як Ватыканскі банк, які дагэтуль дапамагае ў ажыццяўленні дзейнасці Касцёла ў розных частках свету.
Нарэшце, трэці трактат – канкардат – гарантаваў уладу прызначаць біскупаў выключна Папе, уводзіць абавязковае навучанне рэлігіі ў школах, забараняў разводы, надаваў манаскім супольнасцям юрыдычны статус.
11 лютага ў Ватыкане традыцыйна з'яўляецца выходным днём.