Пошук

Foto Lituania 19.jpg
Калонка рэдактара

Месца ватыканскіх дыпламатаў у місіянерскім Касцёле

У Ватыкане каментуюць рашэнне Папы, уключыць год місіянерскай дзейнасці ў навучальную праграму будучых дыпламатаў Святога Пасаду. Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ ўключыўся ў дыскусію.

Як нагадаў Андрэа Тарніелі, рашэнне з’явілася праз некалькі месяцаў пасля таго, як Францішак асабіста выступіў з прамовай на завяршэнне Сінода па Амазоніі і анансаваў ідэю ўвесці місіянерскі год у адукацыйную праграму Папскай касцёльнай акадэміі – школы па падрыхтоўцы дыпламатычных работнікаў Святога Пасаду.

Галоўны рэдактар звяртае ўвагу на кантэкст, у якім упершыню была агучана думка: неабходнасць знайсці святароў для місій і цяжкасці ў пошуку гатовых на гэта прэзбітэраў. Святы Айцец прывёў часты адказ, які можна пачуць ад патэнцыйных кандыдатаў для місій: “Не, я не падыходжу для гэтага”. “Таму сітуацыю трэба рэфармаваць”, - пракаментаваў Францішак. “Маладое духавенства валодае вельмі моцным пакліканнем і яго трэба фармаваць у апостальскай руплівасці ісці на далёкія тэрыторыі”, - дадаў ён.

Адразу пасля гэтага Пантыфік звярнуўся да будучых дыпламатаў, настойліва рэкамендуючы праводзіць прынамсі год на місіянерскай працы, і не ў якасці практыкі ў нунцыятурах, як гэта адбываецца зараз, а дапамагаючы біскупам у місіянерскіх дыяцэзіях.

Цяпер ідэя найшла сваю рэалізацыю, і, завяршаючы ліст да кіраўніка дыпламатычнай Акадэміі, Папа падкрэсліў, што новы падыход будзе карысны не толькі будучым дыпламатам, але і асобным Касцёлам, з якімі яны будуць супрацоўнічаць. Ён таксама спадзяецца, што гэта выкліча ў іншых святароў, не звязаных з дыпламатыяй, жаданне правесці “час місіянерскага служэння па-за межамі роднай дыяцэзіі”.

Несумненна, гэта рашэнне, прынятае Наступнікам св. Пятра, уносіць па-сапраўднаму значныя змены ў працэс навучання тых, хто ў будучыні будзе служыць у нунцыятурах, і ў многіх выпадках у адносна маладым узросце стане біскупам. Як заўважае Тарніелі, місійны год для маладых святароў можа стаць часам перамен, цяжкасцей, новых уражанняў, якія паспрыяюць лепшаму і глыбейшаму разуменню рэчаіснасці Касцёла, яго праблем і чаканняў, суцяшальнай прыгажосці яго паўсядзённага жыцця. Гэты год можа дазволіць студэнтам Акадэміі, іх кіраўнікам і біскупам родных дыяцэзій лепш распазнаваць асобныя пакліканні, можа схіліць кагосьці адмовіцца ад гэтага служэння.

Верагодна, - лічыць галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ - гаворка ідзе пра змену поглядаў і перспектыў тых, хто аднойчы будзе пакліканы прадстаўляць Папу ў розных краінах, і пра заахвочванне мясцовых Касцёлаў, прапанаваць для служэння Пантыфіку добрых і здольных святароў.

Такім чынам, - працягвае Тарніелі - Францішак яшчэ раз нагадвае нам, што ўвесь Касцёл, у тым ліку і яго дыпламатычная служба, або застаецца місіянерскім, або перастае быць Касцёлам. “Касцёл або выходзіць вонкі, або ён ужо не Касцёл. Або прапаведуе, або не з’яўляецца Касцёлам. Калі Касцёл не выходзіць вонкі, ён разбураецца і скажаецца. Ён ператвараецца ў нешта іншае”, - заявіў Францішак у інтэрв’ю Джані Валентэ. Місія, якая заслугоўвае распаўсюджання, дадаў Папа ў гэтай нядаўняй публікацыі, не з’яўляецца “добра правераным бізнес-праектам” ці “спектаклем, арганізаваным для вызначэння колькасці людзей, якія ўдзельнічаюць у ім дзякуючы нашым прапагандысцкім намаганням”. І “таямнічая плённасць місіі заключаецца не ў нашых намерах, метадах, імпульсах і ініцыятывах, а менавіта ў гэтым галавакружным разуменні, якое нараджаецца ад слоў Езуса, калі Ён кажа: Без Мяне нічога не можаце зрабіць”, - цытуе ватыканскі журналіст Святога Айца.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 лютага 2020, 12:12