Ватыканскі прэфект: ацаніць ролю жанчын у Касцёле
Высокі ватыканскі іерарх канадскага паходжання прыняў удзел у семінары аб месцы жанчын у Касцёле, які прайшоў 10 лютага 2020 г. у Папскім універсітэце “Regina Apostolorum” у Рыме.
Кардынал Уэле падкрэсліў, што яшчэ трэба шмат зрабіць, каб цалкам ацаніць уклад жанчын у жыццё Касцёла. У той жа час трэба быць свабоднымі ад ідэалагічнага ціску, які робіцца звонку. На яго думку, у першую чаргу важна асэнсаваць у чым па-сапраўднаму праяўляецца жаноцкасць.
“У некаторых напрамках фемінізму адбываецца маскулінізацыя жанчын. Не ўлічваюцца асаблівасці жанчын. Яны дастасоўваюцца да мужчынскіх прыкладаў, маўляў жанчына павінна быць як мужчына. Гэта памылковы шлях. Неабходна падтрымліваць жанчыну ў яе жаноцкасці, а не ператвараць у мужчыну”, - зазначыў іерарх.
Прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў перакананы, што неабходна большая інтэграцыя жанчын у жыццё Касцёла, у тым ліку ў кіраўнічыя органы, у імя тых харызмаў, якія ім уласцівы. “Ёсць шмат жанчын з цудоўнымі выхаваўчымі і арганізацыйнымі здольнасцямі, яны добра ўмеюць адрозніваць сітуацыі і прымаць правільныя рашэнні”, - сказаў ён.
Паводле кардынал Уэле, прысутнасць жанчын неабходна таксама ў сферы святарскай фармацыі. “Магчымасці для гэтага вельмі шырокія: у тэалогіі, філасофіі, мастацтве, сацыяльным служэнні. У нас ёсць шмат станоўчага досведу, у тым ліку дзякуючы сведчанню манахінь”, - сказаў кардынал-прэфект.