Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Абвешчана тэма паслання Пантыфіка на Дзень мігранта і бежанца

“Як Езус Хрыстус, яны былі вымушаны ўцякаць”, – у Ватыкане 6 сакавіка 2020 г. агучылі тэму паслання Папы на 106-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца. Ён адзначаецца ў Касцёле ў апошнюю нядзелю верасня.

Пантыфік прысвеціць сваё разважанне душпастырству ўнутраных бежанцаў, якіх у свеце на сённяшні дзень налічваецца больш за 41 мільён чалавек.

Як сведчыць назва дакумента, у ім Францішак параўнае сітуацыю сучасных абяздоленых з досведам, які перажыла Святая Сям’я, калі была вымушана ўцякаць ад пераследу з боку караля Ірада. Такім чынам Папа жадае падкрэсліць хрысталагічны сэнс хрысціянскай гасціннасці.

Пасланне будзе падзелена на шэсць раздзелаў, якія акрэсляць галоўныя напрамкі дзейнасці ў адносінах да мігрантаў: пазнаёміцца і зразумець; наблізіцца, каб служыць; слухаць, каб прымірыцца; дзяліцца, каб расці; уключаць, каб падтрымліваць; супрацоўнічаць, каб будаваць.

Для належнай падрыхтоўкі да святкавання Сусветнага дня мігранта і бежанца, як і ў мінулыя гады, Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, запусціць адмысловую інфармацыйную кампанію. Кожны чарговы месяц яна будзе прапаноўваць разважанні, інфармацыйныя матэрыялы і мультымедыйныя дапаможнікі для больш глыбокай рэфлексіі на тэму, выбраную Святым Айцом.

Сусветны дзень мігранта і бежанца будзе адзначацца сёлета 27 верасня 2020 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 сакавіка 2020, 12:23