Поўны адпуст для хворых з каронавірусам і тых, хто нясе дапамогу
У дакуменце нагадваецца аб магчымасці цэлебрацыі паяднання з агульным вызнаннем і агульным адпушчэннем грахоў, без папярэдняй індывідуальнай споведзі, як надзвычайная мера ў выключна вострай сітуацыі пандэміі.
Для атрымання поўнага адпусту хворыя з каронавірусам, тыя, хто праходзіць каранцін, медыцынскія работнікі і члены сям’і, якія падвяргаюцца рызыцы заражэння, дапамагаючы хворым, павінны памаліцца “Веру”, “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”. Астатнія маюць выбар паміж рознымі варыянтамі: або памаліцца ля Найсвяцейшага Сакрамэнту, або правесці Эўхарыстычную адарацыю, або прынамсі паўгадзіны прысвяціць чытанню Святога Пісання ці разважанню Крыжовага Шляху, або памаліцца на Ружанцы ці Каронкай да Божай Міласэрнасці, просячы Бога спыніць пандэмію, даць палёгку хворым і вечнае збаўленне тым, каго Пан паклікаў да сябе.
Поўны адпуст могуць атрымаць і вернікі, якія ў момант смерці не змаглі прыняць сакрамэнт хворых і Віятык: у гэтым выпадку рэкамендуецца выкарыстанне распяцця або крыжа.
Што тычыцца цэлебрацыі паяднання з агульным вызнаннем і агульным адпушчэннем грахоў, святар абавязаны папярэдзіць дыяцэзіяльнага біскупа або, калі гэта не ўдалося, паведаміць яму аб факце як мага хутчэй.
Пэнітэнцыярыя просіць ацаніць неабходнасць і магчымасць стварэння на добраахвотнай аснове, там дзе гэта неабходна, “груп надзвычайных шпітальных капеланаў”, каб забяспечыць неабходную духоўную дапамогу хворым і паміраючым.
Акрамя таго, калі асобныя вернікі апынуліся ў немагчымасці сакрамэнтальнай споведзі, нагадваецца, што дасканалы жаль, матываваны любоўю да Бога, выказаны шчырай просьбай аб прабачэнні, што суправаджаецца цвёрдым рашэннем як мага хутчэй звярнуцца да сакрамэнтальнай споведзі, вядзе да атрымання адпушчэння нават смяротных грахоў, на што ўказвае пункт 1452 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.
Адпуст – гэта дараванне перад Богам часовай кары за грахі, віна за якія ўжо прабачана. Вернік атрымлівае яго пры пэўных умовах, для сябе самога або для памерлых, праз паслугу Касцёла, які, як той, хто раздае ласкі адкуплення, размяркоўвае скарб заслуг Хрыста і святых (П. 312, Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла).