Святы Пасад: каранцін – час для ўзрастання ў веры і любові ў сям’і
На старонках “L’Osservatore Romano” быў надрукаваны артыкул кардынала Кэвіна Фарэла пад загалоўкам “Канкрэтная прапанова для быцця “хатнім Касцёлам ”.
“У Касцёле мы маем схаваны скарб – сям’ю. Пан заўсёды суправаджае свой народ надзвычайнымі пасланнямі і здаецца, што Ён робіць гэта таксама падчас цяперашняй пандэміі, якая прымушае ўсіх нас заставацца дома. Літургічныя цэлебрацыі адменены, многія Касцёлы зачынены, а ісці ў іх – рызыкоўна. Мы адчуваем сябе самотнымі, ізаляванымі, але менавіта ў гэтай ізаляцыі Дух раіць нам адкрыць нанова сакрамэнт сужэнства, у сілу якога нашы дамы, дзякуючы пастаяннай прысутнасці Хрыста ў асвячаных адносінах паміж сужонкамі, з’яўляюцца малымі хатнімі Касцёламі”, - напісаў іерарх.
Кардынал Фарэл заклікаў выкарыстаць час каранціну як нагоду для ўчынкаў міласэрнай любові ў сям’і. “Колькі разоў на дзець у гэты час Пан дае нам магчымасць паглядзець з пяшчотай на нашых дзяцей, паглядзець з любячай цярплівасцю на сужонка; зрабіць лагодным тон голасу, нават калі вакол пануе нечаканы беспарадак; навучыць дзяцей добра выкарыстоўваць гэты доўгі час знаходжання дома, які здаецца ніколі не праміне; навучыць іх дыялогу, што складаецца з слухання, якімі мы адорваем іншага, унутранага супакою, павагі, нават калі іншы чалавек адрозніваецца ад таго, якім бы я хацеў, каб ён быў?”, - заўважыў іерарх.
Ён падкрэсліў, што перыяд прабывання дома з сям’ёй павінен стаць часам для ўзрастання, для таго, каб навучыцца арганізоўваць свой час, не прысвячаючы яго цалкам працы, не занядбоўваючы сям’ю.
“Як важна ў гэтым новым вымярэнні, у якім мы знаходзімся, каб муж і жонка былі здольнымі глядзець адно аднаму ў вочы і размаўляць, планаваць разам дзень, з усведамленнем, што ў сценах кватэры ёсць цудоўная прысутнасць, якая вынікае з іх адносін – Езус”, - сцвердзіў кардынал. Каранцін можа стаць часам для духоўнага гартавання, - дадаў ён.
Прэфект заўважыў, што знаходзячыся дома, сям’я становіцца падобнай на першую хрысціянскую супольнасць. Яна мае нагоду разам маліцца, збіраючыся вакол запаленай свечкі, і ўсведамляючы прысутнасць Таго, Хто трымае сям’ю ў адзінстве, Хто даражыць ёй і любіць яе. Гэта час, які дазволіць усім нам пераасэнсаваць пэўныя рэчы і вярнуцца да малітвы ў храмах, больш моцнымі і свядомымі прысутнасці Хрыста ў нашым штодзённым жыцці, - падкрэсліў пурпурат.
“Будзем намагацца таксама прыняць запрашэнне, якое Пан скіроўвае да нас у нашых дамах: будзем збірацца разам, як сям’я, у нядзелю, каб урачыста цэлебраваць хатнюю літургію, якая, як правіла, дзякуючы прысутнасці Езуса, здзяйсняецца праз жэсты паміж мужам і жонкай”, - заклікаў іерарх.
Кардынал Фарэл даў канкрэтныя парады для арганізацыі такой сямейнай “літургіі”: сабрацца разам у адным пакоі, прачытаць псальм, папрасіць прабачэння адно ў аднаго словамі ці жэстамі, прачытаць нядзельны евангельскі ўрывак, падзяліцца кароткімі разважаннямі над прачытаным Божым словам, памаліцца ў інтэнцыі патрэбаў сям’і, людзей, якіх любім, Касцёла і свету, даручыць апецы Марыі нашу сям’ю і ўсе сем’і, якія ведаем.
Ватыканскі іерарх заклікаў выкарыстоўваць для сумеснай малітвы з іншымі сем’ямі “Skype” і іншыя сродкі камунікацыі, карыстаючыся магчымасцямі, якія даюць сучасныя тэхналогіі.