Пошук

Папа Ян Павел ІІ Папа Ян Павел ІІ

15 гадоў таму памёр Ян Павел ІІ – Папа, які любіў Беларусь

15 гадоў таму, 2 красавіка 2005 г. у 21.37 адышоў у вечнасць св. Ян Павел ІІ. Першы Папа-славянін быў асабліва блізкім беларускаму народу і гэта блізкасць была ўзаемнай.

Беларусь была адной з нямногіх краін, якую св. Ян Павел ІІ не паспеў наведаць за 27 гадоў свайго пантыфікату, але зямля Міцкевіча і шматлікіх мучанікаў за веру заўсёды была яму дарагой. Менавіта гэты Папа адрадзіў касцёльныя структуры ў краіне, прызначыў біскупаў, беатыфікаваў святароў і манахінь, якія працавалі на беларускай зямлі падчас ІІ Сусветнай вайны і акрапілі яе сваёй крывёю.

У 1994 г. Ян Павел ІІ прызнаўся: “Як жа блізкі мне гэты Касцёл, які так шмат у апошнія дзесяцігоддзі выпакутаваў дзеля Хрыстовага Імя! Сваёю думкаю ахопліваю ў гэтую хвіліну ўсіх святароў і ўсіх свецкіх асобаў, якія за вернае трыванне пры Хрыстовым Евангеллі былі асуджаныя таталітарнымі рэжымамі на вялікія цярпенні, прыніжэнні і пераследаванні. Многія з іх страцілі жыццё ў канцэнтрацыйных лагерах у Сібіры, асуджаныя на працу ў нечалавечых умовах; колькі ж ёсць такіх, пра чый лёс ведае толькі Бог”.

Ян Павел ІІ стаў першым Пантыфікам, які пачаў звяртацца да беларускіх вернікаў па-беларуску ў сваіх святочных віншаваннях з нагоды Вялікадня і Божага Нараджэння, а таксама падчас сустрэч з дэлегацыямі беларусаў. Ён быў знаёмы з беларускай гісторыяй, геаграфіяй і культурнай спадчынай, марыў наведаць возера Свіцязь і нават у жартах казаў, што гэта стане галоўнай умовай яго візіту ў краіну.

Яскравым сведчаннем узаемнай любові беларускіх вернікаў да Яна Паўла ІІ была прысутнасць вялікай групы пілігрымаў у першых шэрагах на цырымоніі кананізацыі Пантыфіка, а падзякай Богу за яго святасць можа стаць выкананне яго волі: верная Богу моладзь, моцныя сем’і, а таксама здароўе, адзінства і свабода беларускага народа.
 

02 красавіка 2020, 12:52