Пошук

Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін

Кардынал Паралін: нягледзячы на страх, не замыкацца ў сабе

Папа і Рымская курыі падзяляюць гэты складаны перыяд разам з усімі людзьмі. “Касцёл чувае над кожным. Ён блізкі да тых, хто пакутуе і знаходзіцца ў патрэбе”, - падкрэсліў кардынал Пьетра Паралін.

У інтэрв’ю для “Vatican News” Дзяржсакратар Яго Святасці Папы заўважыў, што ў перыяд пандэміі Пантыфік шукае розныя спосабы, каб быць побач з людзьмі і ўсім светам.

“Для яго кантакт з людзьмі заўсёды быў фундаментальны. Ён імкнецца захоўваць яго і цяпер, хоць новым і дагэтуль няўяўным чынам. Штодзённая трансляцыя св. Імшы з Дома св. Марты з’яўляецца канкрэтным знакам гэтага. Пастаянная малітва за ахвяр, іх родных, медработнікаў, валанцёраў, святароў, за тых, хто працуе, за сем’і – гэта іншы канкрэтны знак”, - падзяліўся кардынал.

Іерарх распавёў, што Святы Пасад захоўвае кантакт з каталіцкімі супольнасцямі ў розных частках свету, імкнучыся дапамагаць народам, якія найбольш пакутуюць ад распаўсюджвання каронавіруса. Ён нагадаў, што дапамога была аказана Кітаю, Ірану, Італіі і Іспаніі, а на стадыі падрыхтоўкі знаходзяцца чарговыя дабрачынныя ініцыятывы.

Каментуючы сітуацыю з каронавірусам у Ватыкане Дзяржсакратар распавёў, што на цяперашні час выяўлена сем выпадкаў заражэння. Усе хворыя ўжо пераадолелі крытычную фазу і ідуць на папраўку. Маніторынг сітуацыі штодзённа праводзіцца ватыканскімі медыкамі.

Іерарх заклікаў вернікаў прымаць удзел у набажэнствах з дапамогай тэлевізійных трансляцый і прыступаць да духоўнай св. Камуніі. Ён нагадаў таксама пра магчымасць атрымання поўнага адпуста не толькі для хворых і іх блізкіх, але і для медыцынскіх работнікаў, для людзей, якія моліцца аб заканчэнні пандэміі. Кардынал Паралін заклікаў паглыбіць духоўнае жыццё ў час пандэміі, напаўняючы сябе Божым словам.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца заклікаў нанова каштоўнасць сям’і, сяброўства, міжасабовых адносін, салідарнасці, шчодрасці, дзялення, блізкасці ў канкрэтных малых справах. Важна, нягледзячы на страх, не замыкацца ў сабе. “Я думаю, што гэта той момант, калі трэба ўсім сэрцам звярнуцца да Бога…”, - дадаў іерарх.

Крызіс, выкліканы каронавірусам, паставіў людзей перад абліччам іх неабароненасці і ўразлівасці. “Мы пачынаем усведамляць, што з’яўляемся не стварыцелямі, а беднымі стварэннямі, якія існуюць таму што Хтосьці дорыць ім жыццё”, - сказаў ён.

Кардынал Паралін высока ацаніў вынаходлівасць шматлікіх біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў, якія знаходзяць тысячы новых спосабаў, каб дапамагчы людзям не адчуваць сябе самотнымі, каб маглі маліцца і атрымліваць словы падтрымкі. На яго думку было б добра, каб апоўдні на касцёлах штодзённа білі званы, заклікаючы людзей да супольнай малітвы, нават калі фізічна быць разам немагчыма.
 

03 красавіка 2020, 13:28