Пошук

Кардынал Джанфранка Равазі Кардынал Джанфранка Равазі

Кардынал Равазі параіў некалькі кніг на час пандэміі

Пандэмія прывяла да краху сучаснай іерархіі каштоўнасцей. Чалавек пачынае разумець, што грошай, поспеху і ўлады не дастаткова, - лічыць старшыня Папскай рады па культуры.

У інтэрв’ю італьянскаму выданню “La Repubblica” кардынал Джанфранка Равазі падкрэсліў, што вымушанае прабыванне дома падчас каранціну мае шмат негатыўных наступстваў, сярод якіх, напрыклад, павелічэнне выпадкаў хатняга насілля. У той жа час, актуальная сітуацыя можа стаць магчымасцю для адкрыцця сапраўдных адносін, перагляду жыццёвага рытму.

Іерарх нагадаў, што перажыць крызіс, выкліканы пандэміяй, могуць дапамагчы кнігі. Ён параіў у першую чаргу чытаць Святое Пісанне. Карыснымі могуць стаць таксама “Чума” Альбэра Камю, “Заручаныя” Алесандра Мандзоні, творчасць шведскага пісьменніка і ўрача Аксэля Мунтэ, які напрыканцы ХІХ ст. клапаціўся пра ахвяр эпідэміі халеры, кніга “Каханне падчас халеры” Габрыэля Гарсіі Маркеса.

На думку кардынала, сучасная культура з’яўляецца “нямой”. Ён прызнаўся, што мае складанасці з пошукам суразмоўцаў для ініцыятывы “Падворак язычнікаў” – няверуючых людзей, якія б маглі прапанаваць альтэрнатыўныя, але не павярхоўныя, пункты гледжання. Раней было інакш, - заўважыў ён.

Іерарх выказаў сваё захапленне самаахвярнасцю сучасных медыкаў, якія, рызыкуючы здароўем, перавышаючы свае чалавечыя магчымасці, дапамагаюць хворым з каронавірусам.
 

21 красавіка 2020, 14:29