Пошук

1574411974352.jpg

Святы Пасад да будыстаў: разам жыць міласэрнасцю і братэрствам

Ужо ў 25-ы раз Папская рада па міжрэлігійным дыялогу скіравала штогадовае пасланне да будыстаў, прымеркаванае да самага важнага для іх свята – Весак.

“Будысты і хрысціяне – пабудова культуры міласэрнасці і братэрства”, - так гучыць тэма сёлетняга звароту. “Мы памятаем пра высокую каштоўнасць, з якой нашы рэлігійныя традыцыі ўспрымаюць спачуванне і братэрства ў нашых духоўных пошуках і ў нашым сведчанні і служэнні параненаму чалавецтву і параненай зямлі”, - заўважылі аўтары.

У тэксце цытуецца Дакумент аб чалавечым братэрстве, падпісаны Пантыфікам і Вялікім імамам Аль Азхар: “аўтэнтычныя вучэнні рэлігій заклікаюць нас заставацца ўкаранёнымі ў каштоўнасцях міру; адстойваць каштоўнасці паразумення, чалавечага братэрства і гарманічнага суіснавання”.

Сустракаючыся з Вярхоўным будыйскім патрыярхам у Тайландзе ў лістападзе 2019 г., Францішак выказаў перакананне, што мы можам расці і жыць разам як добрыя суседзі, пашыраючы ініцыятывы на карысць бедных і абароны навакольнага асяроддзя, садзейнічаючы фарміраванню культуры спачування, братэрства і сустрэчы.

У пасланні параўноўваюцца гісторыі прынца Сідхартхі, які адправіўся шукаць мудрасць, пагаліўшы галаву і адмовіўшыся ад свайго княжацкага статусу, і св. Францішка Асізскага: ён састрыг валасы і адмовіўся ад багацця, бо хацеў наследаваць Езуса. Іх прыклад і прыклад іх паслядоўнікаў натхняе нас на прысвячэнне сябе “пашырэнню культуры міласэрнасці і братэрства для палягчэння чалавечых і экалагічных пакут”.

“Паколькі мы, будысты і хрысціяне, вучымся адзін у аднаго, як станавіцца ўсё больш і больш уважлівымі і спагадлівымі, будзем і далей шукаць спосабы сумеснай працы, каб зрабіць нашу ўзаемасувязь крыніцай благаслаўлення для ўсіх разумных істот і для планеты, нашага агульнага дома”, - гаворыцца ў тэксце.

Аўтары запрашаюць вызнаўцаў будызму прыняць удзел у форуме “Аднаўленне глабальнай дамовы аб адукацыі”, які Святы Пасад плануе правесці 15 кастрычніка 2020 г.

“Будзем маліцца за ўсіх, хто пацярпеў ад пандэміі коронавіруса, і за тых, хто ім дапамагае. Будзем заахвочваць нашых вернікаў жыць у гэты цяжкі момант з надзеяй, спачуваннем і міласэрнасцю”, - гаворыцца ў пасланні.

02 красавіка 2020, 12:35