У 102 гады памёр былы дырэктар Ватыканскага радыё
Стэфаніцы нарадзіўся ў 1917 г. у паўднёваітальянскім мястэчку Маціна ў маляўнічай правінцыі Леча. У 1932 г. уступіў у Таварыства Езуса, а ў 1946 г. стаў святаром.
З улікам асаблівых здольнасцей у дакладных навуках, ён быў накіраваны на вучобу ў Фордэмскі ўніверсітэт у Нью-Ёрку. Даследаваў касмічнае выпраменьванне пад кіраўніцтвам Віктара Франца Геса, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па фізіцы. Пасля вяртання ў Італію выкладаў у Папскім грыгарыянскім універсітэце.
У 1953 г., ва ўзросце ўсяго 35 гадоў, стаў дырэктарам Ватыканскага радыё. На просьбу Пія ХІІ, прыняў удзел у стварэнні буйнога цэнтра перадачы радыёсігналу ў Санта-Марыя-дзі-Галерыя пад Рымам, які дазволіў хвалям папскай радыёстанцыі дасягаць самых аддаленых пунктаў планеты. Уваходзіў у спецыяльную камісію, якая займалася тэхнічнай падрыхтоўкай да Другога Ватыканскага Сабора. Спецыяльна да гэтай падзеі ён кіраваў заменай электраакустычнага абсталявання базылікі св. Пятра.
На працягу доўгіх гадоў езуіт служыў “дарадчыкам па тэхнічных пытаннях” у Папскай радзе па сродках сацыяльнай камунікацыі, зрабіў важны ўклад у развіццё тэлевізійнага і спадарожнікавага вяшчання Апостальскай Сталіцы, быў адным з аўтараў папулярнага ў Італіі каталіцкага часопіса “La Civiltà Cattolica”.