Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Ватыкан: іерархі аддадуць зарплату на барацьбу з каронавірусам

Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі, звярнуўся да кардыналаў, арцыбіскупаў, біскупаў і прэлатаў Папскай капэлы, заклікаючы іх праявіць салідарнасць з тымі, хто пацярпеў ад каронавіруса.

Іерархам і высокапастаўленым супрацоўнікам Рымскай курыі было прапанавана адмовіцца ад аднаго месячнага заробку на карысць патрабуючых.

У спецыяльным паведамленні Апостальскай элемазінарыі гаворыцца, што ў сувязі з пандэміяй набажэнствы Вялікага тыдня, якія будзе цэлебраваць Святы Айцец, сёлета пройдуць без удзелу тых, хто згодна з motu proprio Паўла VI “Pontificalis Domus”, уваходзіць у склад Папскай капэлы”.

Па гэтай прычыне кардынал Краеўскі заклікаў да “асаблівага, глыбокага яднання з Папам, Біскупам Рыма”, які з’яўляецца “пачаткам з’яднання і еднасці” (Lumen gentium, 13), праз грашовае ахвяраванне. Сабраныя сродкі будуць накіраваны на патрэбы, звязаныя з надзвычайнай медыцынска-санітарнай сітуацыяй.

Аналагічны заклік скіраваў да святароў дыяцэзіі Бергама мясцовы пастыр, біскуп Франчэска Бэскі. Ён прапанаваў духавенству адмовіцца ад заробку за тры месяцы, каб гэтыя сродкі сталі базай для стварэння фонда дапамогі сем’ям, работнікам, адукацыйным структурам і бедным, што апынуліся ў цяжкай сітуацыі па прычыне пандэміі.

“Гэта вялікая ахвяра. Але, на маю думку, важна, каб мы сваё сведчанне блізкасці да ўсіх на працягу гэтых тыдняў дапоўнілі такім вельмі важным жэстам. Ён вельмі патрэбны, у тым ліку і для бліжэйшай будучыні”, - напісаў італьянскі іерарх у шчырым звароце да святароў сваёй дыяцэзіі.

Бергама, адна з найбольш пацярпелых ад кронавіруса правінцый Італіі. Тут налічваецца каля 10 тыс. інфіцыраваных, іх колькасць працягвае расці. На працягу сакавіка ад інфекцыі COVID 19 тут памерлі каля 2,6 тыс. чалавек, сярод якіх шмат святароў. Некалькі дзён таму Францішак ахвяраваў 60 тыс. еўра на патрэбы шпіталя ў гэтым паўночнаітальянскім горадзе.
 

09 красавіка 2020, 14:01