Пошук

Вокладка новай кнігі арцыбіскупа Пальі Вокладка новай кнігі арцыбіскупа Пальі

Ватыканскі іерарх: вірус індывідуалізму аслабіў грамадства

“Антывірус салідарнасці” і “глабалізацыя братэрства” павінны стаць адказам на пандэмію, - лічыць арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай акадэміі жыцця.

Ватыканскі іерарх напісаў кнігу “Пандэмія і братэрства. Сіла чалавечых сувязей адкрывае будучыню” (Pandemia e fraternità. La forza dei legami umani riapre il futuro), у якой разважае пра жыццё чалавецтва пасля пандэміі.

Ужо да пачатку крызісу “мы не былі здаровымі”, “паміж намі быў вірус, які я назваў бы вірусам індывідуалізму і самотнасці, што моцна аслабіў наша грамадства”, - зазначыў арцыбіскуп Палья ў інтэрв’ю Vatican News.

Іерарх падкрэсліў, што пандэмія паказала ўразлівасць чалавецтва і структур, створаных для абароны жыцця. Таму актуальная сітуацыя ў свеце павінна падштурхнуць да глыбокай рэфлексіі, вынікам якой павінна быць адмова ад індывідуалізму.

Пасля заканчэння пандэміі чалавецтва не можа жыць як раней, перакананы арцыбіскуп Палья. Важна зрабіць адпаведныя высновы: людзі павінны падтрымліваць адно аднаго, клапаціцца пра навакольнае асяроддзе, аднавіць адносіны паміж пакаленнямі.

Адзіным магчымым адказам, гледзячы ў будучыню, з’яўляецца будаванне братэрства і салідарнасці, якія разумеюцца не толькі як хрысціянскія каштоўнасці, але, у першую чаргу, як фундамент, на якім грунтуецца выжыванне чалавецтва, - лічыць старшыня Папскай акадэміі жыцця.
 

30 красавіка 2020, 13:22