Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

“Бяспечны Касцёл” – серыя вэбінараў пра абарону непаўналетніх

29 мая 2020 г. распачнецца серыя вэбінараў у рамках дзейнасці Міжнароднай канферэнцыі абароны непаўналетніх (International Safeguarding Conference), у якой бяруць удзел прадстаўнікі Касцёла, эксперты і навукоўцы.

Першы з іх, які пройдзе 29 мая 2020 г., будзе прысвечаны ролі Касцёла ў абароне непаўналетніх падчас пандэміі, а таксама сітуацыі ахвяр злоўжыванняў у перыяд актуальнага крызісу.

Арганізатары трэнінгаў спадзяюцца, што праект стане міжнароднай платформай для экспертаў, бо дыялог і дыскусіі будуць спрыяць таму, каб пытанне абароны непаўналетніх заставалася на павестцы дня Касцёла.

У спецыяльным паведамленні, абнародаваным з нагоды распачацця вэбінараў, падкрэсліваецца важнасць працягу фінансавання праграм па абароне непаўналетніх і ўразлівых дарослых асоб, нягледзячы на эканамічны крызіс, выкліканы COVID-19.

Каментуючы магчымае скарачэнне праграм, кс. Ханс Цольнэр, член Выканаўчага камітэта Міжнароднай канферэнцыі абароны непаўналетніх і Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, заўважыў, што інвестыцыі ў бяспеку дзяцей нельга лічыць аналагічнымі інвестыцыям у сацыяльную ці асветніцкую дзейнасць.

Дадзеныя, якія публікуюцца СМІ, сведчаць пра рост насілля над дзецьмі і павелічэнне колькасці выпадкаў хатняга насілля на працягу апошніх тыдняў. Генеральны сакратар ААН заявіў, што крызіс аховы здароўя, справакаваны каронавірусам, хутка пераўтвараецца ў крызіс правоў дзяцей, а эксперты ў сферы абароны непаўналетніх выказваюць занепакоенасць у сувязі з тым, што ўласны дом не заўсёды з’яўляецца бяспечным месцам для ўсіх.
 

28 мая 2020, 11:56