Францішак запрасіў дзяцей у Ватыкан на канікулы
З 6 па 31 ліпеня 2020 г. дзеці работнікаў Святога Пасаду змогуць правесці канікулы ў Ватыкане. Папа хоча дапамагчы бацькам, якія былі вымушаны трымаць дзяцей дома падчас пандэміі каронавіруса.
У праекце: “Дзеці – канікулы”, які рэалізуе Губернатарат Ватыкана, паўдзельнічае каля 100 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 14 гадоў.
“Бацькам зараз проста неабходна даверыць сваіх дзяцей адказным людзям, якія могуць даць ім надзею, усмешку і задавальненне”, - сказаў кс. Франка Фантана, салезіянін, капелан Ватыканскіх музеяў і жандармерыі.
Мерапрыемствы для дзяцей унутры Ватыкана будуць праходзіць з панядзелка па суботу з 7.30 да 18.00. Іх арганізуюць салезіяне і асацыяцыя, якая займаецца арганізацыяй святочнага адпачынку. Праграма ўключыць гульні, футбол, баскетбол, настольны тэніс, а таксама экскурсіі: у самім Ватыкане і па-за яго сценамі. Арганізатары гарантуюць няўхільнае выкананне ўсіх эпідэміялагічных прадпісанняў.
30 мая 2020, 13:38