Пошук

1583918855764.jpg

Святы Пасад пра COVID-19: ён закрануў усе аспекты жыцця

Каронавірус пачаўся як праблема аховы здароўя, але затым паўплываў на многія сферы. Няма такога аспекту чалавечага жыцця і культуры, які не закрануў крызіс, - падкрэслілі ў Ватыкане.

16 мая 2020 г. тут прайшла спецыяльная прэс-канферэнцыя “COVID-19, харчовы крызіс і інтэгральная экалогія – дзеянне Касцёла”, прысвечаная аналізу сітуацыі, выкліканай каронавірусам.

Пандэмія засведчыла аб дэфіцыце мыслення, прадчування крызісаў і недахопе інвестыцый у медыцынскае абсталяванне і прафілактыку, - заўважыў сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Да гэтага часу мы разглядалі здароўе як просты інструмент “для стварэння ўсё больш і больш”, паводле логікі недальнабачных інтарэсаў. Сёння ж мы пачалі ўспрымаць яго як умову і апору эканомікі. Чалавек больш не можа працягваць верыць у сваю ўсемагутнасць і неўспрымальнасць да прыродных і кліматычных працэсаў, - падзяліўся назіраннямі мансеньёр Бруно Мары Дзюфэ.

Прэлат прапанаваў: дзяліцца сродкамі, каб ратаваць жыццё без усякай дыскрымінацыі; пашыраць праекты сумеснай дапамогі і дапамагаць тым краінам і мясцовым супольнасцям, якія знаходзяцца ў патрэбе, дэманструючы, што ў аснове акцыі салідарнасці ляжыць ідэя: “мы адна чалавечая сям’я”; развіваць мысленне з прарочым бачаннем, што важна для эканамічных суб’ектаў і палітычных лідараў, каб вызначыць, якія менавіта эканамічныя мадэлі і працэсы мы жадаем рэалізаваць у гэтым кантэксце страху і канфлікту інтарэсаў, якія інвестыцыі мы хацелі б падтрымліваць на будучыню.

Паводле другой асобы ў Дыкастэрыі, у гэтым кантэксце “місія Касцёла заключаецца ў тым, каб слухаць і суправаджаць людзей у іх пакутах”, “прапанаваць рэфлексію пра сувязь санітарнага, экалагічнага, эканамічнага і сацыяльнага вымярэння крызісу”, “падтрымліваць новыя варыянты клопату аб прыродзе, біяразнастайнасці і людзях”, і ў канцы канцоў “адчыніць дзверы і даць надзею, бо мы верым у тое, што засведчыў Езус Хрыстус: жыццё мацнейшае за смерць”.

Нагадаем, што месяц таму ў рамках Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека была створана спецыяльныя камісія па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каронавіруса. Першая мэта структуры заключаецца ў аказанні падтрымкі мясцовым Касцёлам у ратаванні жыцця людзей, дапамозе самым бедным, другая – у аналізе эканамічных і сацыяльных наступстваў пандэміі.

У яе рамках працуе пяць рабочых груп, супрацоўнікі якіх займаюцца ўзаемадзеяннем з “Caritas Internationalis”, Апостальскімі нунцыямі і мясцовымі Касцёламі для выяўлення неадкладных праблем; разам з Папскімі акадэміямі праводзяць навуковы аналіз сітуацыі; інфармуюць аб сітуацыі; шукаюць шляхі ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі; шукаюць фінансаванне.

16 мая 2020, 12:07