Пошук

Папа Францішак і кардынал Аюса Гішот. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і кардынал Аюса Гішот. Ілюстрацыйнае фота

Ватыканскі іерарх: рэлігіі пакліканы “заражаць надзеяй”

Хрысціяне і мусульмане павінны быць салідарнымі з тымі, хто пакутуе ад каронавіруса, і маліцца аб заканчэнні пандэміі, - лічыць старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

“Я адчуваю абавязак прыгадаць пра тое, што папа Францішак у гэтай цяжкой сітуацыі заклікаў нас “заражаць надзеяй”, - сказаў кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот у інтэрв’ю “Vatican News”. Іерарх заўважыў, што гэта патрэбна як для вырашэння актуальных праблем, так і тых, якія ўзнікнуць у бліжэйшай будучыні.

“Рэлігійныя лідары пакліканы спрыяць адзінству, салідарнасці і братэрству, каб мы маглі выйсці з гэтай сітуацыі лепшымі, чым былі да яе, а таксама, каб дапамагчы грамадству змяніць усе тое, што трэба змяніць, думаючы не толькі пра законы эканомікі і логіку прыбытку”

, - сцвердзіў кардынал Аюса Гішот.

Каментуючы пасланне Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу да мусульман з нагоды месяца Рамадан і свята Ураза-Байран, якое было абнародавана 1 мая 2020 г., ватыканскі іерарх прыгадаў, што яно прысвечана абароне месцаў культу.

Ён спаслаўся на Дакумент аб чалавечым братэрстве, падпісаны Папам і Вялікім імамам Аль Азхар, у якім сцвярджаецца, што абарона месцаў культа – гэта абавязак, гарантаваны рэлігіям, агульначалавечымі каштоўнасцямі і дамовамі.

“Кожны напад ці пагроза на іх з’яўляецца адхіленнем ад вучэння рэлігій, а таксама прамым парушэннем міжнароднага права, іх асуджаюць як вернікі, так і няверуючымі”

, - падкрэсліў кардынал.

Іерарх заўважыў, што і хрысціяне і мусульмане сёлета адзначаюць свае галоўныя святы ў надзвычайных умовах, выкліканых пандэміяй. У сувязі з гэтым ён пажадаў, каб вызнаўцы абедзьвюх рэлігій, “з’яднаныя ў духу братэрства, сведчылі аб салідарнасці з чалавецтвам, якое цяжка пакутуе, а таксама ўзносілі свае малітвы да Усемагутнага і Міласэрнага Бога, каб абараніў кожнага чалавека і быў пераадолены гэты вельмі складаны перыяд”.
 

02 мая 2020, 12:51