Ватыканскі Музей свецкага мастацтва можна наведаць онлайн
Першую ў гісторыі Ватыкана калекцыю несакральнага мастацтва заснаваў у 1761 г. папа Клімент XIII. Цяпер у яе ўваходзяць у асноўным прадметы з пачатку ХІХ стагоддзя. Онлайн-наведвальнік можа дыстанцыйна даследаваць асяроддзе Музея, рухаючыся ў любы бок і засяроджваючыся нават на самых дробных дэталях асобных твораў.
У сакавіку папская мастацкая структура ўжо прапанавала віртуальныя маршруты, куды ўвайшлі: Сікстынская капэла, Музей Піа Клеменціна, Музей К’ярамонці, Брача Нуова, Станцы Рафаэля, Капэла Нікаліна і Зала К’яраскуры. Дастаткова некалькі клікаў, каб адправіцца ў самае сэрца адной з самых буйных у свеце мастацкіх скарбніц.
Ватыканскія музеі маюць таксама профіль у Instagram, дзе дзеляцца фотаздымкамі сваіх шматлікіх вядомых і невядомых шэдэўраў, дапамагаючы зразумець іх гісторыю і значэнне.
Папская мастацкая калекцыя закрыта для наведвання з 9 сакавіка 2020 г. у сувязі з мерамі, прынятымі для недапушчэння распаўсюджвання каронавіруса. Правілы тычацца таксама Ватыканскага некропаля, Папскіх віл у Кастэль-Гандольфа і музейных цэнтраў пры папскіх базыліках у Рыме. Застаюцца закрытымі плошча і базыліка св. Пятра.