Пошук

1567780623840.jpg
Калонка рэдактара

Занепакоенасць Пантыфіка “паталогіямі” у місіянерскай дзейнасці

Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ пракаментаваў пасланне Францішка да Папскіх місійных ініцыятыў, у якім ён засцерагае ад пэўных "паталогій", якія могуць сказіць місіянерскую дзейнасць.

Гэта моцны тэкст, спецыфічны ў сваіх інструкцыях, які паказвае на адзіную сапраўдную крыніцу місіянерскай дзейнасці Касцёла. Папа тлумачыць, што місія не з’яўляецца плёнам прымянення “свецкіх сістэм, логікі актыўнай працы ці тэхнічна-прафесійнай кампетэнтнасці”, але нараджаецца з паўнаты радасці – плёну і ласкі Духа Святога. Быць місіянерам – азначае прыняць вялікі і незаслужана атрыманы дар, адлюстроўваць святло Бога, як месяц адлюстроўвае сонца. Як і месяц, Касцёл не выпраменьвае ўласнага святла, і калі пачынае абапірацца на ўласныя навыкі, перастае быць яго распаўсюднікам. Так падсумаваў папскае пасланне Андрэа Тарніелі.

Францішак нагадаў, што абвяшчэнне Евангелля і вызнанне хрысціянскай веры – гэта не праява палітычнага, культурнага, псіхалагічнага ці рэлігійнага празелітызму. Касцёл расце ў свеце з прычыны прывабнасці, і “калі мы будзем ісці за Езусам шчаслівыя, што Ён прыцягнуў нас, гэта заўважаць і іншыя. І гэта можа нарадзіць у іх захапленне”.

У пасланні відавочнае жаданне Пантыфіка спыніць тэндэнцыю разглядаць місіянерскую дзейнасць як элітарнае служэнне, якое ажыццяўляецца праз праграмы і стратэгіі, распрацаваныя за сталом. З тэксту зразумела, што Францішак лічыць гэтую пагрозу актуальнай. Таму ён перасцерагае супрацоўнікаў Місійных ініцыятыў ад засяроджанасці на сабе і самарэкламе; ад прагі ўлады і прэтэнзіі на кантроль над супольнасцямі замест служэння ім; ад пачуцця элітарнасці і аднясення сябе да “вышэйшага класу спецыялістаў”; ад адасаблення ад народу і яго ўспрыняцця як “інертнай масы, якую трэба пастаянна рэанімаваць і мабілізаваць”, нібыта “моц веры – гэта вынік пераканаўчага выступлення ці метадаў выхавання”; нарэшце, ад абстрактнасці і функцыяналізму, якія вынікаюць з тэндэнцыі імітаваць “мірскія мадэлі эфектыўнасці”.

Францішак нагадвае некаторыя характэрныя рысы хрысціянскай місіі: прывабнасць, удзячнасць і дармовасць, пакора і нясенне палёгкі чалавеку, блізкасць да аўтэнтычнага жыцця, набліжэнне да людзей там, дзе яны ёсць і ў тых умовах, у якіх яны знаходзяцца, а таксама sensus fidei народу Божага ў пытаннях веры і прыярытэтнасць малых і бедных.

22 мая 2020, 11:59