Бэнэдыкт XVI побач з сваім цяжкахворым братам
З Папам-эмерытам паехалі: яго асабісты сакратар, Арцыбіскуп Георг Генсвайн, намеснік камандзіра корпуса Ватыканскай жандармерыі, медбрат і асабісты ўрач.
Самалёт з Рыма прызямліўся ў Мюнхене каля 11.45. У аэрапорце Бэнэдыкта XVI сустракаў біскуп Рудольф Водэрхольцэр, які затым суправадзіў яго да Рэгенсбурга.
У сувязі з прыбыццём у Бэнэдыкта XVI у Германію старшыня мясцовага епіскапату, біскуп Георг Бетцынг заявіў, што хоча суправаджаць сустрэчу двух братоў сваімі малітвамі. Мы рады, - сказаў іерарх, - што ён вярнуўся дадому, нават калі нагода для гэтага сумная.
Заўсёды звязаныя паміж сабой, два браты Ратцынгеры атрымалі святарскае пасвячэнне ў адзін і той жа дзень, 29 чэрвеня 1951 г. у катэдры Фрайзінга. Іх узаемная сувязь заўсёды заставалася трывалай нават у сталым узросце. Доказам гэтага з’яўляюцца, у прыватнасці, шматлікія візіты Георга Ратцынгера ў Ватыкан з 2005 г. па 2013 г., у гады пантыфікату свайго брата і пасля яго адстаўкі.
Калі ў 2008 г. горад Кастэль-Гандольфа прапанаваў ганаровае грамадзянства яго брату, Бэнэдыкт XVI сказаў: “З самага нараджэння мой брат быў для мяне не толькі сябрам, але і надзейным правадніком. Дзякуючы сваім ясным і цвёрдым рашэнням ён заўсёды заставаўся для мяне маяком і арыенцірам”.