Францішак абнавіў склад структуры па наглядзе за медустановамі
Па-ранейшаму ўзначальваць Папскую камісію будзе мансеньёр Луіджы Місто, старшыня Фонду аховы здароўя Святога Пасаду. На наступныя тры гады былі прызначаны іншыя 6 членаў структуры: мансеньёр Сегунда Тэяда Муньёс, падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека; Рэната Балдуцы, выкладчык канстытуцыйнага права ва Універсітэце Найсвяцейшага Сэрца; Джавані Барбара, эксперт па камерцыйным праве; Саверыа Капалупа, спецыяліст па падатковых пытаннях; Фабрыцыа Чэлані, які ўзначальвае Каталіцкую асацыяцыю работнікаў сферы аховы здароўя ў Італіі; Маўрыцыа Гала, спецыяліст у сектары кансалтынгу і інстытуцыянальных адносін.
Кардынал Пьетра Паралін высока ацаніў працу папярэдняга складу, падзякаваўшы яму за пісьменнае і адданае служэнне. З улікам сітуацыі, якая склалася ў галіне аховы здароўя, Дзяржсакратар папрасіў новых членаў Камісіі шчодра і кампетэнтна служыць свету каталіцкіх медыцынскіх структур.
Сваёй задачай Папская камісія па справах дзейнасці юрыдычных асоб Касцёла ў сферы аховы здароўя лічыць, між іншым, вывучэнне фінансавай устойлівасці касцёльных медыцынскіх структур з мэтай распрацоўкі доўгатэрміновай стратэгіі, якая ўлічвае прынцыпы сацыяльнага вучэння Касцёла; дапамогу ў вырашэнні крызісных сітуацый; прапанову новых мадэляў функцыянавання.
Камісія зацвярджае кананічныя дазволы, якія тычацца спынення або рэформы медыцынскіх устаноў, адчужэння або рэарганізацыі іх маёмасці.