Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Прэфект пра пратэсты ў ЗША: патрэбны справядлівасць і прабачэнне

Складанай і далікатнай сітуацыяй для грамадства і краіны, назваў прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека пратэсты, якія праходзяць у ЗША пасля трагічнай гібелі Джорджа Флойда.

Дэманстрацыі, якія ахапілі многія гарады Злучаных Штатаў набылі гвалтоўны характар і праходзяць пад антырасісцкімі лозунгамі. Кардынал Тарксан нагадаў, што расізм супярэчыць вучэнню Касцёла, паколькі кожны чалавек быў створаны на вобраз і падабенства Бога і надзелены неад’емнай годнасцю.

Спасылаючыся на біблійнае апавяданне, іерарх адзначыў, што пасля стварэння чалавека адбыліся дзве кепскія падзеі: першая – непаслухмянасць Божаму слову, другая – братазабойства. Праблема расізму, па словах кардынала, заключаецца ў тым, што людзі, па тых ці іншых прычынах, з нецярпімасцю адносяцца да адметнасцей, разглядаюць іх не як багацце, а як перашкоду.

Прэфект падкрэсліў, што забойства іншага чалавека прыніжае ўсё чалавецтва і з’яўляецца “крыкам да Бога аб справядлівасці”. Справядлівасць – гэта аднаўленне адносін, і просьба аб ёй раўназначная выступленню супраць таго, што перашкаджае братэрству.

Гаворачы пра гвалтоўны характар пратэстаў, які быў асуджаны нават братам Джорджа Флойда, кардынал Тарксан заўважыў, што ЗША маюць доўгую гісторыю мірных дэманстрацый. Многімі з іх кіраваў Марцін Лютэр Кінг, які быў па-сапраўднаму добрым лідарам, бо здолеў прывіць сваім паслядоўнікам непрыняцце насілля. “Тое, што мы бачым у гэтыя дні, з’яўляецца стыхійным выбухам гневу і пратэстам супраць таго, што адбываецца”, - дадаў іерарх.

Кардынал Тарксан заўважыў, што акрамя ненасілля, важным у гэтай сітуацыі з’яўляецца заклік да прабачэння. Паводле іерарха, дэманстрацыі, гнеў і расчараванне не змогуць вярнуць Джорджа Флойда, а адзінай сапраўды карыснай дапамогай для яго перад Богам і годным ушанаваннем яго памяці стане прабачэнне забойцаў, як гэта зрабіў Хрыстус.

Кардынал Тарксан нагадаў таксама пра важнасць малітвы, падкрэсліваючы, што варта арганізаваць экуменічныя малітоўныя сустрэчы ў гарадах Злучаных Штатаў. Выяўленае духоўным чынам абурэнне дасць магчымасць духоўнага аздараўлення, перакананы прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

04 чэрвеня 2020, 10:28