Про-сакратар Сінода пра душпастырства пасля пандэміі
У інтэрв’ю ватыканскім СМІ іерарх заўважыў, што апошнія месяцы ізаляцыі і абмежаванняў з прычыны пандэміі, сталі нагодай для пераасэнсавання душпастырства, адкрытасці на крэатыўныя падыходы ў працы з вернікамі. Пасля завяршэння актуальнай сітуацыі, на яго думку, нельга вяртацца да папярэдніх мадэляў. Трэба адмовіцца ад клерыкалізму, спрыяць больш творчаму падыходу, клапаціцца пра тое, каб вера хрысціян станавілася закваскай і змяняла жыццё іншых людзей.
Біскуп Грэк звярнуў увагу на імпульс, які ў перыяд пандэміі атрымала жыццё верай у сям’і. Ён заўважыў, што сям’я можа быць крыніцай хрысціянскага жыцця, як гэта было ў першыя стагоддзі Касцёла. Парафіяльныя супольнасці павінны дапамагаць сем’ям станавіцца асяродкамі катэхізацыі і літургічных ведаў, месцамі ламання хлеба і малітвы, дзе бацькі змогуць перадаваць веру дзецям.
Іерарх перакананы, што пандэмія дапаможа хрысціянам стаць больш уважлівымі да бліжніх і больш актыўна служыць ім. Паводле яго, дыяканія – служэнне – з’яўляецца новым шляхам евангелізацыі. Дзяленне эўхарыстычным хлебам і хлебам Божага слова не можа адбываецца без дзялення матэрыяльным хлебам, асабліва з тымі, хто яго пазбаўлены. Біскуп Грэк падкрэсліў, што служэнне павінна спадарожнічаць абвяшчэнню Евангелля. Яно дае магчымасць убачыць у бедных аблічча самаго Езуса Хрыста.
Про-сакратар Сінода Біскупаў заўважыў, што сінадальнасць павінна стаць стылем касцёльнага жыцця. Нагадваючы словы Папы, ён сказаў, што сінадальнасць – гэта шлях, якога Бог чакае ад Касцёла ў трэцім тысячагоддзі. Яна прадугледжвае дыялог на карысць дасягнення агульнай згоды.
Біскуп Грэк лічыць, што сінадальная мадэль, якая спрыяе міжасабовым адносінам і братэрству паміж людзьмі, можа быць прыдатнай таксама для грамадзянскай супольнасці. Яна з’яўляецца супрацьяддзем ад закрытасці і дапамагае належна цаніць усё добрае, што ёсць у грамадстве. Безумоўна, крочыць разам – гэта заданне не з лёгкіх, як для Касцёла, так і для грамадства, але мы самі гэтага патрабуем, каб ісці ў будучыню.