Сакратар Папскай рады: экуменізм – гэта “абмен дарамі”
Напярэдадні святкавання 60-годдзя гэтай структуры Святога Пасаду, біскуп Браян Фарэл заўважыў, што яна была заснавана ў кантэксце новага падыходу да адносін з іншымі Цэркваў, ініцыяванага св. Янам ХХІІІ.
У той час адносіны паміж хрысціянскімі супольнасцямі былі халаднаватымі, на дыстанцыі. Зараз жа існуюць сяброўскія кантакты і супрацоўніцтва, разуменне супольнай місіі на карысць чалавецтва. “Гэта і ёсць плён той Божай ласкі, якой моцна прагнуў гэты вялікі Папа”, - дадаў іерарх.
Паводле сакратара Папскай рады, адносіны паміж канфесіямі моцна змяніліся за апошнія 60 гадоў. Сёння можна ўбачыць плён многіх гадоў малітвы і супольных даследаванняў: прадстаяцелі Цэркваў сустракаюцца, а вернікі актыўна супрацоўнічаюць з хрысціянамі іншых канфесій.
Біскуп Фарэл перакананы, што пошуку адзінства паміж хрысціянамі, якога прагне Езус, павінны садзейнічаць усе католікі. “Гэта не толькі заданне Папы ці асобных біскупаў, экспертаў і тэолагаў, але ўсяго Касцёла, які павінен выходзіць насустрач іншым. Усе Цэрквы павінны рухацца насустрач адна адной”, - дадаў ён.
Паводле іерарха, важна каб канфесіі паглыблялі ўзаемнае знаёмства, станавіліся больш адкрытымі, супрацоўнічалі і маліліся разам: “усё гэта з’яўляецца важным заданнем”.
Спасылаючыся на 30-годдзе энцыклікі св. Яна Паўла ІІ “Ut unum sint”, якое адзначалася 25 мая 2020 г., ён заўважыў, што дакумент быў абнародаваны ў гістарычны момант. “Пасля трох дзесяцігоддзяў узаемадзеяння з іншымі Цэрквамі, стала бачна, што не дастаткова толькі пошуку тэалагічных і рацыянальных аргументаў для вырашэння супярэчнасцей, якія існавалі ў мінулым. Узнікла патрэба ва ўзаемнай адкрытасці супольнасцей на сустрэчу. І ў гэтым сэнсе энцыкліка Яна Паўла ІІ кажа пра экуменічную дзейнасць, як пра “абмен дарамі”, а не толькі ідэямі”, - заўважыў іерарх.
Біскуп Браян Фарэл заўважыў, што на гэтым этапе важна, каб Цэрквы былі гатовыя заўважыць добрае ў іншых канфесіях, змянілі самадастатковае мысленне, а часам і пачуццё перавагі, каб вучыліся ад іншых таму добраму, што яны маюць. “Гэта вялікае заданне. І я думаю, што гэта і ёсць тое навяртанне, якое нам патрэбна, каб дасягнуць еднасці, якой прагне Пан”, - сказаў іерарх.
Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству была заснавана 5 чэрвеня 1960 у рамках падрыхтоўкі да Другога Ватыканскага Сабора з першапачатковай назвай – Сакратарыят па спрыянні хрысціянскаму адзінству. Яе першым старшынёй быў нямецкі кардынал Аўгустын Бэа. З 2010 г. структурай кіруе швейцарскі кардынал Курт Кох.