Пошук

Папа Францішак і арцыбіскуп Рына Фізікела Папа Францішак і арцыбіскуп Рына Фізікела 

Ватыканскі іерарх пра выклікі сучаснай катэхізацыі

Катэхізацыю трэба праходзіць не для таго, каб прыняць сакрамэнт, а каб паступова ўключацца ў жыццё хрысціянскай супольнасці і даваць належнае сведчанне, - падкрэсліў арцыбіскуп Рына Фізікела.

Старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі пракаментаваў выхад новага “Дапаможніка па катэхезе”, падрыхтаванага дыкастэрыяй, якую ён узначальвае. Іерарх распавёў, што апошні раз такога роду дакумент выдаваўся ў 1997 г. З таго часу адбылося шмат змен, у тым ліку распаўсюджванне “лічбавай культуры”.

Арцыбіскуп Фізікела заўважыў, што катэхізацыя павінна ахопліваць усё жыццё ахрышчанага і ўсіх ахрышчаных: дзяцей, падлеткаў, дарослых людзей, сем’і, пажылых, зняволеных, мігрантаў.

Іерарх звярнуў увагу на блізкую сувязь паміж катэхізацыяй і евангелізацыяй, якая асаблівым чынам падкрэсліваецца ў ватыканскім дакуменце. Катэхізацыя павінна дапамагаць глыбей разумець таямніцу веры і ўключацца ў жыццё Касцёла, ставіць яму на службу свае дары і даваць сведчанне паслядоўным чынам, - дадаў ён.

Арцыбіскуп Фізікела перакананы, што “Дапаможнік па катэхезе” з’яўляецца каштоўнай прыладай для ўключэння ў катэхізацыю бацькоў і сем’і, правядзення яе ў месцах зняволення, сярод мігрантаў, інвалідаў, бедных. На яго падставе мясцовыя епіскапаты, ведаючы кантэкст сваіх краін, могуць распрацаваць свае дапаможнікі, якія будуць лепш адпавядаць сучасным выклікам і новай культуры, у якой жыве Касцёл.
 

25 чэрвеня 2020, 14:08