Пошук

Вывеска на штаб-кватэры Бюро фінансавай інфармацыі Вывеска на штаб-кватэры Бюро фінансавай інфармацыі 

Бюро фінансавай інфармацыі дало справаздачу за 2019 г.

У ватыканскіх фінансавых структурах пацверджаны сярэдне-нізкі ўзровень рызыкі ў сферы адмывання грошай і нізкі ўзровень у сферы фінансавання тэрарызму.

3 ліпеня 2020 г. была апублікавана справаздача Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан за 2019 г. У ёй утрымліваецца агляд дзейнасці структуры і статыстыка.

З дакументу вынікае, што на працягу 2019 г. Бюро атрымала 64 паведамленні аб падазронай фінансавай актыўнасці: 55 – ад арганізацый, якія знаходзіліся пад наглядам, і 4 – ад органаў улады Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан. Адзначаецца, што ў шматлікіх выпадках адбываўся абмен інфармацыяй з замежнымі фінансавымі разведкамі, а “міжнароднае супрацоўніцтва прынесла канкрэтныя вынікі”.

Бюро фінансавай інфармацыі чатыры разы прымаліся прэвентыўныя меры, сярод якіх блакаванне аднаго банкаўскага рахунку. У Апарат прамотара справядлівасці было перададзена 15 дасье адносна падазронай фінансавай актыўнасці.

11 снежня 2019 г. быў падпісаны Пратакол аб узаемаразуменні з Апаратам прамотара справядлівасці з мэтай “умацавання працэдур і мер”, накіраваных на забеспячэнне канфідэнцыйнасці інфармацыі, атрыманай ад замежных органаў фінансавых разведак.

Справаздача сведчыць пра павелічэнне якасці паведамленняў аб падазронай фінансавай актыўнасці. Яны сталі больш дэтальнымі. Большасць выпадкаў патэнцыйных злачынстваў у фінансавай сферы тычыцца “замежных суб’ектаў” або дзейнасці, якая знаходзіцца ў юрысдыкцыі іншых краін ці звязана з імі. Галоўным чынам патэнцыйныя злачынствы тычыліся міжнароднага махлярства, уключаючы падатковае, і незаконнага прысваення сродкаў.

Падкрэсліваецца ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан. За 2019 г. у абмене запытамі аб інфармацыі з замежнымі фінансавымі разведкамі фігуравалі больш за 370 суб’ектаў. Гэта прывяло да канкрэтных вынікаў, дзякуючы аналізу складаных фінансавых схем, якія закранаюць юрысдыкцыю многіх краін. У выніку ў Апарат прамотара справядлівасці і замежным партнёрам была перададзена важная інфармацыя.

Цягам года былі падпісаны Пратаколы аб узаемаразуменні з фінансавымі разведкамі Фінляндыі, Астравоў Кука, Чэшскай Рэспублікі і Сербіі. З 2012 г. такія дамовы былі заключаны ўжо з 60-цю дзяржавамі. Ватыканскае Бюро абмянялася фінансавай інфармацыяй з калегамі з іншых краін у 18 выпадках.

Паведамляецца, што на працягу 2019 г. двойчы праводзілася інспекцыя Інстытута рэлігійных спраў, больш вядомага як Ватыканскі банк. У першым выпадку праверка тычылася адпаведнасці заканадаўству, звязанаму з далучэннем да Адзінай зоны плацяжоў у еўра, а другая – нормам, накіраваным на прафілактыку і барацьбу з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрырызму. У абодвух выпадках вынікі інспекцыі былі станоўчымі.

Звяртаецца ўвага на ўмацаванне супрацоўніцтва Бюро з кампетэнтнымі ўладамі Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан. На працягу года паміж імі абмен інфармацыяй адбыўся ў 24 выпадках і тычыўся 423 суб’ектаў, што сведчыць пра павелічэнне ўнутрыватыканскага супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з фінансавымі злачынствамі.

Бюро фінансавай інфармацыі адзначае памяншэнне транспамежнага патоку грошай. Аналіз дэкларацый, якія падаваліся, не зафіксаваў значных анамалій ці індыкатараў пагрозы.
 

03 ліпеня 2020, 12:24