Пошук

Кніга Наталі Бэкар “Дух Святы ўсё абнаўляе. Душпастырства маладых для моладзі” Кніга Наталі Бэкар “Дух Святы ўсё абнаўляе. Душпастырства маладых для моладзі” 

Ватыканскае выдавецтва: кніга пра душпастырства моладзі

Ватыканскае выдавецтва прэзентавала кнігу французскай законніцы Наталі Бэкар “Дух Святы ўсё абнаўляе. Душпастырства маладых для моладзі” – арыгінальны погляд на душпастырства моладзі ў сучасным свеце.

Выданне прысвечана разважанням адносна залучэння новых пакаленняў у жыццё Касцёла і задумана як практычны даведнік для ўсіх, хто жадае зрабіць маладых людзей актыўнымі ўдзельнікамі душпастырства. Прадмову да кнігі напісаў брат Алаіз, прыёр экуменічнай супольнасці Тэзэ.

Канкрэтныя прыклады душпастырскай працы з сучаснай моладдзю, якімі суправаджаецца кніга, натхнёныя вынікамі Сінода Біскупаў 2018 года і паслясінадальнай адгартацыяй Францішка Christus vivit.

Аўтар кнігі, непасрэдная ўдзельніца падрыхтоўкі да ўзгаданай Асамблеі, мае багаты вопыт душпастырскай працы з моладдзю. Яна прапануе арыгінальны, пераасэнсаваны погляд на працу з маладымі людзьмі, дзе цэнтральная роля адводзіцца ім самім.

Гэта тая навізна, якую адкрыў Сінод: маладых людзей трэба ўспрымаць не толькі як рэцыпіентаў душпастрыскай дзейнасці, але і як суб’ектаў жыцця Касцёла нароўні з іншымі ахрышчанымі. Яны, як і ўсе, ахвяруюць свае дары і харызму на карысць будаўніцтва Цела Касцёла і збаўлення свету.

“Гэтая кніга – сапраўдны GPS, здольны натхніць душпастырства на тое, каб адпавядаць цяперашнім пакаленням”

, - гаворыцца ў прэс-рэлізе да кнігі.

Сястра Наталі паказала, што душпастырства, якое ўлічвае культуру і адчувальнасць сучаснай моладзі, застаецца для іх вельмі прыцягальным. Парады, якія дае аўтар кнігі, зыходзяць з патрэб моладзі і грунтуюцца на аспектах, карысных для падтрымкі іх унутранага, духоўнага росту.

Гаворка ідзе, найперш, пра важнасць выслухоўвання, пра патрэбу ў Касцёле, які б увасабляў не толькі інстытут, але і месца жывых стасункаў, пра патрэбу ў творчай і смелай душпастырскай апецы, адпаведнай жыццёвым сітуацыям, у якіх знаходзіцца моладзь, пра неабходнасць кіраўніцтва і рэкамендацый, якія б дапамагалі прымаць добрыя рашэнні, пра важнасць узняцця праблем, якія хвалююць маладых людзей.

 

27 ліпеня 2020, 15:07