Наступствы пандэміі COVID-19 з ватыканскага пункту гледжання
У інтэрв’ю Vatican News арцыбіскуп Вінчэнца Палья пракаментаваў асобныя аспекты дакумента “Humana communitas у эпоху пандэміі. Несвоечасовыя разважанні пра адраджэнне жыцця”, прысвечанага наступствам крызісу, выкліканага каронавірусам.
Найперш, іерарх патлумачыў саму назву дакумента: Humana Communitas – гэта загаловак ліста, з якім Францішак звярнуўся да Папскай акадэміі жыцця 6 студзеня 2019 г., у 25-ю гадавіну заснавання гэтай ватыканскай структуры. У ім Пантыфік заклікаў да разважанняў над адносінамі, якія яднаюць чалавечую супольнасць і нараджаюць агульныя для ўсіх яе членаў каштоўнасці і мэты.
“Пандэмія зрабіла надзвычай вострым ўсведамленне двух рэчаў. З аднаго боку, дазволіла нам убачыць, наколькі мы ўзаемазалежныя: тое, што адбываецца ў пэўнай частцы зямлі, цяпер датычыць усяго свету. З другога боку, яна падкрэсліла няроўнасць: усе мы апынуліся ў адной буры, але не ў адным чоўне. Той, у каго човен менш надзейны, патанае хутчэй”, - заўважыў ватыканскі іерарх.
У сваю чаргу, слова “несвоечасовыя”, ужытае ў падзагалоўку дакумента, пазычана, па словах арцыбіскупа, з філасофскай традыцыі.
“Мы выкарысталі яго з пэўнай правакацыяй, каб указаць на тэрміновую патрэбу нанова адшукаць мысленне супольнасці, якое, як здаецца, стала нямодным. У час, калі здаецца, што жыццё спынілася і нас паразіла смерць дарагіх людзей і страта нашым грамадствам арыенціраў, мы не можам абмежавацца абмеркаваннем кошту на медыцынскія маскі або датай адкрыцця школ. Мы павінны выкарыстаць магчымасць, каб знайсці адвагу для абмеркавання лепшых умоў па кіраванні рынкам і асабліва адукацыяй. Гэта здаецца перабольшаннем? Вось, менавіта гэта і значыць “несвоечасовыя”, - сказаў арцыбіскуп Палья.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што чымсьці новым для чалавецтва стаў не сам невядомы раней вірус, а “хуткасць і маштабы, з якімі ён распаўсюджваўся”, і роля СМІ, якія літаральна “вызначаюць ўзровень свядомасці” людзей адносна распаўсюджвання вірусу.
Па словах іерарха, супрацьстаянне пандэміі навучыла чалавецтва таму, што “трэба лепш ураўнаважваць рэсурсы, прызначаныя на прадухіленне хвароб, і сродкі, выдаткаваныя на ажыццяўленне лячэння”. Трэба рабіць акцэнт не толькі на шпіталях, але і на тэрытарыяльных сетках медыцынскіх структур і ўстаноў медыцынскай адукацыі.
У сваю чаргу, хрысціянскай супольнасць, на думку старшыні Папскай акадэміі жыцця, можа дапамагчы, найперш, не ўспрымаць крызіс “як арганізацыйны факт, які можна пераадолець, павысіўшы эфектыўнасць”, а выклікаць свядомасць, што няпэўнасць і ўразлівасць – вымярэнні, якія з’яўляюцца часткай чалавечай натуры, а значыць, праяўляючы ўзаемны клопат, трэба ўлічваць і паважаць гэтую спецыфіку.
“Гэта навяртанне, якое патрабуе ўключаць і набываць вопыт страты, як у экзістэнцыяльным, так і сацыяльным плане. Толькі зыходзячы з такога ўсведамлення, будуць магчымымі свядомае стаўленне і перамена, якія зробяць нас салідарна адказнымі ў глабальным братэрстве”, - сцвердзіў арцыбіскуп Палья.