Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння пра новы працэсуальны дапаможнік

Кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, прадставіў новы Даведнік па працэдурах расследавання выпадкаў сексуальных злачынстваў, здзейсненых прадстаўнікамі духавенства.

Дакумент быў абнародаваны 17 ліпеня 2020 г. Ён стаў адказам на шматлікія просьбы, якія паступалі ў Кангрэгацыю Веравучэння ад біскупаў, ардынарыяў, генеральных настаяцелей Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.

Яны выказвалі пажаданне мець у руках дакумент, які мог бы дапамагчы ім у далікатным заданні належнага правядзення працэсу, што тычыцца дыяканаў, прэзбітэраў і біскупаў, абвінавачаных у сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх, - патлумачыў кардынал Ладарыя Фэрэр.

Прэфект зазначыў, што сучасная гісторыя сведчыць пра “умацаванне ўвагі Касцёла да гэтай раны”. Расследаванне такіх працэсаў праходзіць праз “густы лес норм і працэдур, дзе ардынарыі і настаяцелі часам няўпэўнены адносна напрамку, які трэба ўзяць”. Таму Даведнік напісаны перш за ўсё для іх, а не для экспертаў у праве, якія дапамагаюць ім у вядзенні спраў, - звярнуў увагу кардынал.

Гаворка ідзе не пра нарматыўны дакумент, бо ў тэксце не прадстаўлена ніводнай новай нормы, але пра “зборнік інструкцый”, пакліканы весці за руку тых, хто павінен правільна правесці працэс ад пачатку да канца, гэта значыць ад першага паведамлення пра магчымае злачынства да завяршэння працэсу. Між гэтымі двума полюсамі трэба здзейсніць назіранне, зрабіць неабходны крокі, заявы, неабходна прыняць пэўныя рашэнні.

Кардынал Ладарыя Фэрэр зазначыў, што просьба аб стварэнні спецыяльнага дапаможніка ў расследаванні сексусальных злачынстваў агучвалася падчас сустрэчы старшынь епіскапатаў на тэму абароны непаўналетніх у Касцёле, якая адбылася 21-24 лютага 2019 г. у Ватыкане. З гэтай нагоды Святы Айцец перадаў для рэфлексіі 21 пункт, якімі пажадаў скіраваць працу ў адпаведным напрамку. Перад гэтым Папа адзначыў, што практычны Даведнік павінен акрэсліваць крокі, якія неабходна рабіць кампетэнтным уладам на ўсіх ключавых этапах справы.

Крыніцы Даведніка – як юрыдычныя, так і практычныя. На нарматыўным узроўні галоўнымі з’яўляюцца дзейсныя Кодэксы, нормы, якія тычацца злачынстваў, акрэсленых у motu proprio св. Яна Паўла ІІ “Sacramentorum Sanctitatis Tutela” ад 2001 г., дапоўненага Бэнэдыктам XVI у 2010 г., а таксама motu proprio Францішка “Vos estis lux mundi” ад 2019 г. Разам з нарматыўнымі дакументамі крыніцай з’яўляецца досвед Кангрэгацыі Веравучэння, кампетэнтнай у справах злоўжыванняў адносна непаўналетнімі з боку духавенства, шматлікіх экспертаў у кананічным праве Касцёле і мясцовых касцёльных суддзяў.

Даведнік павінен рэгулярна абнаўляцца, згодна са зменамі заканадаўства ў Касцёле. Акрамя таго, яго заданнем з’яўляецца прадстаўленне адказаў на новыя выклікі сучаснасці. Менавіта таму ён выйшаў пад нумарам “1.0”, чым падкрэсліваецца яго гатоўнасць да будучых мадыфікацый, у залежнасці ад змен заканадаўства і новых выклікаў.
 

17 ліпеня 2020, 10:56