Шматгадовае супрацоўніцтва Касцёла і Сусветнай Рады Цэркваў
У артыкуле з нагоды 60-годдзя гэтай ватыканскай структуры святар падкрэсліў, што галоўным партнёрам Каталіцкага Касцёла ў экуменічным дыялогу з’яўляецца Сусветная Рада Цэркваў, заснаваная ў 1948 г. Яна з’яўляецца самай буйной экуменічнай арганізацыяй у свеце і ахоплівае больш за 350 хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцей, сярод якіх праваслаўныя, лютэранскія, рэфарматарскія, англіканскія, метадысцкія, баптысцкія і іншыя. Рада прадстаўляе больш за 500 мільёнаў хрысціян ва ўсім свеце.
Кс. Хараманскі нагадаў, што першыя кантакты паміж Каталіцкім Касцёлам і Сусветнай Радай Цэркваў адбыліся падчас падрыхтоўкі да Другога Ватыканскага Сабора, калі Апостальская Сталіца запрасіла прадстаўнікоў арганізацыі адправіць на асамблею сваіх назіральнікаў. У той жа час Касцёл упершыню прыслаў сваіх афіцыйных назіральнікаў для ўдзелу ў пасяджэнні Рады, якое адбылося ў 1961 г. у Нью-Дэлі.
З 1962 па 1965 г. больш за сто некатолікаў прынялі ўдзел у розных сесіях Другога Ватыканскага Сабора ў якасці дэлегаваных назіральнікаў ці экуменічных гасцей. Яны, безумоўна, уплывалі на працу Айцоў Сабора і зрабілі свой каштоўны ўнёсак у падрыхтоўку галоўных дакументаў, сярод якіх – канстытуцыі пра святую Літургію і Касцёл, дэкрэт пра экуменізму, дэкларацыі пра рэлігійную свабоду і адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій.
Прысутнасць прадстаўнікоў іншых канфесій на Саборы паспрыяла таму, што гэты важны форум не абмяжоўваўся толькі ўнутранымі пытаннямі Каталіцкага Касцёла, але стаў экуменічнай падзеяй, якая мела наступствы для ўсіх без выключэння хрысціян.
Хоць Каталіцкі Касцёл не з’яўляецца членам Рады, аднак, афіцыйныя прадстаўнікі Святога Пасаду прымаюць удзел у працы розных камісій і рабочых груп гэтай арганізацыі. Двухбаковае супрацоўніцтва прадугледжвае, між іншым, супольную падрыхтоўку тэкстаў на Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, актыўную прысутнасці католікаў у Камісіі па глабальнай місіі і міжнародным супрацоўніцтве, ажыццяўленне супольных праектаў на карысць справядлівасці і міру, дапамогі мігрантам і бежанцаў, абароны навакольнага асяроддзя.
Супрацоўніцтва паміж Каталіцкім Касцёлам і Сусветнай Радай Цэркваў адбываецца таксама ў рамках Змешанай рабочай групы, якая з 1965 г. займаецца фармаваннем экуменічнага руху, пытаннямі місіянерства і евангелізацыі, выхавання і адукацыі моладзі. Дзейнічае таксама супольная тэалагічная камісія, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі розных канфесій. Каталіцкія тэолагі складаюць у ёй каля 10% членаў. Камісіяй былі падрыхтаваны дзве дэкларацыі, аб супольным бачанні сакрамэнтаў і эклезіялогіі.
Сярод важных момантаў у гісторыі адносін паміж Касцёлам і Сусветнай Радай Цэркваў сталі тры папскія візіты ў штаб-кватэру гэтай экуменічнай арганізацыі ў Жэневе. У 1969 г. яе наведаў Павел VI, а ў 1984 г. – св. Ян Павел ІІ. Францішак наведаў сядзібу Рады ў 2018 г. з нагоды яе 70-гадовага юбілею. Гэта экуменічная пілігрымка прайшла пад дэвізам “Разам крочыць наперад, маліцца, працаваць”. Ён стаў таксама першым Папам, які наведаў Экуменічны інстытут у Босэ, сустрэўшыся са студэнтамі і супрацоўнікамі гэтай навучальнай установы, якая дзейнічае пад патранатам Сусветнай Рады Цэкрваў.
Кс. Анджэй Хараманскі распавёў таксама, што важнымі партнёрамі Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству з’яўляецца Глабальны хрысціянскі форум і нефармальная платформа пад назвай Канферэнцыя сакратароў хрысціянскіх аб’яднанняў свету, у рамках якой адбываецца абмен інфармацыяй і вызначэнне арыенціраў для экуменічнага дыялогу.