Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: пераадолець ідэю парафіі як закрытай тэрыторыі

“Парафіяне не павінны думаць толькі пра тое, каб абараніць сябе, – яны павінны ўмець глядзець па-за ўласныя межы, каб абвяшчаць Евангелле”, - сказаў кардынал Бэньяміна Стэла.

У інтэрв’ю Vatican News прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства пракаментаваў яе новую інструкцыю “Душпастырскае навяртанне парафіяльнай супольнасці на службе евангелізацыйнай місіі Касцёла”, якая была апублікавана 20 ліпеня 2020 г.

Па словах іерарха, дакумент нарадзіўся з патрэбы арыентаваць ужо распачатае абнаўленне касцёльных структур у місійным ключы, адказваючы на пакліканне кожнага ахрышчанага да евангелізацыі і ў той жа час пераадольваючы ідэю парафіяльнага душпастырства, абмежаванага ўнутранай тэрыторыяй.

Інструкцыя, распрацаваная Кангрэгацыяй па справах духавенства, выяўляе небяспеку таго, што парафіі застануцца бюракратычна-арганізацыйнымі адзінкамі, больш засяроджанымі на ўласнай стабільнасці, чым на евангелізацыі, і таму заклікае іх звяртаць увагу на новыя формы беднасці.

Па словах кардынала Стэлы, дакумент накіраваны, у прыватнасці, на тое, каб падтрымаць асобныя, ужо распачатыя душпастырскія ініцыятывы, каб ацаніць іх і накіраваць у больш універсальны кантэкст.

“Важна, каб гэтыя рэформы не дыктаваліся толькі густам, я б сказаў нават “капрызамі” кампетэнтных асоб і экспертаў. Трэба, каб яны падпарадкоўваліся новым патрабаванням, але ў той жа час бралі пад увагу больш шырокую перспектыву, якая б успрымала Касцёл у яго ўніверсальнасці”, - заўважыў іерарх.

Кардынал заўважыў, што “мы не з’яўляемся супрацоўнікамі фірмы. Мы належым да супольнасці, да сям’і. Гэтая наша вера, якая азначае прыналежнасць, азначае сустрэчу, сузіранне Божага аблічча, і павінна абавязкова схіляць нас да таго, каб глядзець далей за нашыя персанальныя і сямейныя патрэбнасці”.

“Быць місіянерамі – значыць у нейкім сэнсе забыць родны дом, сям’ю, асабліва ўласныя выгоды і, пачынаючы з прыгажосці веры і радасці Евангелля, адчуваць, што прыналежым да Пана, а значыць, дзяліцца нашым скарбам з тымі, хто яго не мае, хто згубіў пачуццё сваёй вартасці, хто мае патрэбу ў тым, каб вярнуцца да Пана і адчуваць Яго прысутнасць у сваім жыцці”

, - падкрэсліў іерарх.

“Думаю, што мы павінны дастаць ключы, адчыніць дзверы, праветрыць тэрыторыю і выйсці па-за яе межы”, - сказаў кардынал.

Ён дадаў, што “парафія павінна быць структурай, якая знаходзіцца ў пошуку. Святары, дыяканы, кансэкраваныя асобы павінны ўмець выходзіць насустрач, быць звонку”.

“Папа часта кажа пра “быццё з”: гэта значыць, уменне прысвячаць час, выяўляць багацце людзей, сем’яў, жывучы разам з імі. Гэта вялікая ахвяра, таму што ўсе мы любім звыклыя рэчы, наш арэал, які робіць нас спакойнымі і дае пачуццё камфорту. Але не ў гэтым заключаецца дынаміка веры. Патрэбна супрацоўніцтва паміж парафіямі, узгадненне графікаў. Усё гэта вядзе да разумення парафіі як “жыцця супольнасці”, “жыцця вялікай сям’і”, - выказаў упэўненасць іерарх.

“У сваю чаргу, святар павінен стаяць на чале гэтай працэсіі, якая вырушае ў дарогу: павінен дапамагаць сваім супрацоўнікам і сем’ям “быць звонку”, шукаць тых, хто далёка, і чакаць толькі знаку, слова, запрашэння, каб залучыцца ў шлях веры, які дорыць радасць, спакой і місійную перспектыву”, - заключыў кардынал Стэла.

21 ліпеня 2020, 13:40