Святы Пасад пра выклікі пандэміі для работнікаў марской сферы
12 ліпеня 2020 г. Кардынал Пітэр Тарксан скіраваў спецыяльнае пасланне з нагоды Міжнароднага дня мора, які называецца таксама Нядзеляй мора і адзначаецца рознымі хрысціянскімі канфесіямі ў другую нядзелю ліпеня.
Іерарх заўважыў, што пандэмія каронавіруса прымусіла многія краіны закрыць шматлікія прадпрыемствы, каб перашкодзіць распаўсюджванню віруса, але марская прамысловасць не прыпыняла сваю дзейнасць. Караблямі перавозіцца каля 90% усіх тавараў, неабходных для нармальнага жыцця ў гэтых складаных умовах, сярод якіх фармацэўтычная прадукцыя і медыцынскія сродкі. Вялікія цяжкасці спазналі таксама экіпажы круізных суднаў, якія перад тым, як для іх адкрылі парты, імкнуліся стрымаць распаўсюджванне інфекцыі на борце.
Першая праблема, на думку ватыканскага прэфекта, заключаецца ў тым, што ў гэтай беспрэцэдэнтнай сітуацыі члены экіпажу былі вымушаны праводзіць значна больш доўгі перыяд працы на борце. Ён нагадаў пра маракоў, якія, пасля завяршэння кантракту, не маглі трапіць дамоў у сувязі з закрыццём межаў і скасаваннем рэйсаў. Адпаведна тысячы маракоў, якія былі гатовы распачаць працу на караблях, апынуліся ў гатэлях ці інтэрнатах у розных частках свету без дастатковай колькасці сродкаў для пражывання.
Кардынал нагадаў пра выпадкі суіцыдаў сярод маракоў, выкліканыя моцным фізічным і псіхічным напружаннем, якое накапілася ў выніку адсутнасці адпачынку. Шмат маракоў маюць сур’ёзныя і небяспечныя для жыцця захворванні, патрабуюць неадкладнай медыцынскай дапамогі, а тыя, якія вяртаюцца дамоў пасля доўгіх і цяжкіх падарожжаў, вымушаны прабываць у ізаляцыі і часта сустракаюцца з дыскрымінацыяй ва ўласных краінах, бо лічацца носьбітамі каронавіруса.
Кардынал Тарксан заклікаў хрысціян да павагі і ўдзячнасці маракам, якія пастаянна падвяргаюць сваё жыццё небяспецы, каб гарантаваць перавоз тавараў, неабходны для функцыянавання глабальнай эканомікі. Ён нагадаў маракам пра гатоўнасць капеланаў і валанцёраў каталіцкай душпастырскай службы “Stella Maris” заўсёды прыйсці ім на дапамогу, у тым ліку праз “віртуальнае капеланства” і малітву, а таксама дапамагчы ім абараніць свае працоўныя і чалавечыя правы.
Міжнародны дзень мора быў устаноўлены ў 1975 г. трыма хрысціянскімі арганізацыямі: каталіцкім Марскім душпастырствам “Stella Maris”, англіканскай “Mission to Seafarers” і шматканфесіным “Sailors’ Society”. Экуменічная ініцыятыва падкрэслівае важнасць укладу людзей, якія працуюць у моры, у эканоміку іх краін, а таксама звярнуць увагу на праблемы, з якімі яны вымушаны сустракацца.