Святы Пасад: сям’я – гэта шлях радасці, паклікання і шчасця
Габрыэла Гамбіна заўважыла, што пандэмія каронавіруса прымушае Касцёл да распазнання выклікаў, што стаяць перад ім, а таксама тых каштоўных жамчужынаў, якія Пан даў нам для будавання Касцёла. “Безумоўна, найкаштоўнейшай з іх з’яўляецца сям’я”, - сказала прадстаўніца ватыканскага ведамства.
Паводле падсакратара дыкастэрыі, падчас пандэміі менавіта сям’я стала самым важным рэсурсам грамадства. Сем’і даказалі, што могуць быць адказнымі, аказваць падтрымку і салідарнасць, а таксама дзяліцца тым, што маюць. Яны з’яўляюцца асновай эканамічнага, сацыяльнага і адукацыйнага развіцця. “У той жа час сем’і патрабуюць дапамогі”, - сказаў Гамбіна.
Звяртаючыся да епіскапату Калумбіі, яна падкрэсліла, што сем’і разлічваюць на дапамогу Касцёла, у тым ліку на аднаўленне сямейнага душпастырства. Яно павінна выражацца ў лепшай падрыхтоўцы маладых пакаленняў да сужэнства і ў пастаянным суправаджэнні сужэнскіх пар, асабліва найбольш складаныя для іх перыяды
Габрыэла Гамбіна падкрэсліла, што “душпастырства сем’яў павінна адказаць на мноства выклікаў, паказаць новым пакаленням, што сям’я – гэта не толькі вялікія высілкі і праблемы, але таксама радасць, шлях паклікання і шчасця”. “Мы жывём у індывідуалістычным грамадстве, якое кажа нашым дзецям, што глядзець у будучыню з даверам немагчыма, якое стварае ў іх страх перад сужэнствам і дзецьмі, нягледзячы на іх прагненне любові і шчасця…”, - заўважыла падсакратар.
Паводле яе, адзін з самых вялікіх клопатаў сям’і – гэта выхаванне. “Кажу вам гэта як маці пяці дзяцей. Мы павінны прысвяціць усе нашы сілы таму, каб зразумець, як можам дапамагчы бацькам перад абліччам грамадства, у якім пануе тэхніка, якое робіць чужымі для моладзі сапраўдны міжчалавечыя адносіны, а таксама распаўсюджвае такое бачанне сексуальнасці, якое не дазваляе ім зразумець значэнне цела ў сужэнстве і сям’і”, - сказала Гамбіна.
Прадстаўніца ватыканскай структуры зазначыла, што яшчэ было недастаткова зроблена для таго, каб падрыхтоўка да сакрамэнту сужэнства стала сапраўдным катэхуменатам. Касцёл тым часам павінен дапамагаць моладзі будаваць сваю сям’ю на скале. Рашэнне аб заключэнні сужэнства, аб нараджэнні і выхаванні дзяцей, гэта не тое самае, што выбар прафесіі ці набыццё новага дому. Сужэнства – гэта пакліканне і місія. “Дапамажыце нам казаць пра гэта нашым дзецям”, - заклікала калумбійскіх біскупаў падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.